Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы затрыманыя першыя "нелегалы"

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.01.2018 15:23
На мяжы з Украінай польскія памежнікі затрымалі першых нелегальных мігрантаў у гэтым годзе.
Foto: pixabay.com/CC0

У Эўропу прабіраліся сем'і з Ірана.

Групу з васьмі чалавек, якія нелегальна пераходзілі мяжу Польшчы з Украінай, затрымалі ў лесе памежнікі непадалёк ад перахода Будомеж у Падкарпацкім ваяводзтве. Нелегаламі былі дзьве сямʼі з чатырма дзецьмі, якія пешкі ішлі з Украіны ў выходныя. Малодшаму з дзяцей было 7 месяцаў, а рэшта мела па 2, 11, 14 гадоў. Гэта першы сёлета выпадак затрыманьня нелегальных імігрантаў у Карпацкіх гарах.

Замежнікаў заўважыў памежны патруль і паліцыянты з Любачова. Затрыманыя замярзалі ды ня мелі ежы, але ніхто не захварэў. Семʼі былі добра падрыхтаваныя да пераходу. У іх было адзеньне і абутак на зьмену, навігацыя, тэлефон, компас і значная колькасьць грашовых сродкаў і каштоўнасьцяў.

Яны заявілі, што мэтай іх паездкі была Нямеччына, дзе яны хацелі пасяліцца. Сёньня, у адпаведнасьці з пагадненьнем аб рэадмісіі, польскі бок вярнуў іх ва Ўкраіну.

У мінулым годзе на так званай «зялёнай мяжы» польскія памежнікі затрымалі 105 чалавек. Усе казалі пра тое, што едуць у Заходнюю Эўропу на заробкі. Таксама памежнікі спынілі дзесяць арганізаваных перапраў мігрантаў. Затрымана дванаццаць чалавек, якія займаліся арганізацыяй незаконнага перасячэньня польска-ўкраінскай мяжы.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт