Logo Polskiego Radia
Print

Вернікі адзначаюць Вербную нядзелю перад сьвятам уваскрэсеньня Хрыста

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.03.2018 09:46
Вербніца распачынае самы важны для хрысьціян тыдзень, які называецца Вялікім тыднем.
Wikipedia/Alina Zienowicz Ala z

У каталіцкім касьцёле сёньня важная дата літургічнага календара – Вербніца. У Польшчы нядзелю за тыдзень да Вялікадня называюць Пальмавай нядзеляй.

Вербніца сьвяткуецца ў гонар трыюмфальнага ўваходу Ісуса ў Ерусалім, падчас якога народ вітаў Хрыста пальмавым лісьцем ды іншымі галінкамі. Палякі ў гэты дзень прыносяць у касьцёл галінкі вярбы, багата аздобленыя засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі. Яны называюцца пальмамі і зьяўляюцца сымбалем жыцьця ды перамогі. У некаторых рэгіёнах Польшчы пальмы дасягаюць сапраўды вялікіх памераў, адбываюцца конкурсы на самую прыгожую і вялікую пальму. Падчас сьвятой імшы сьвятар асьвячае пальмы.

Вербная нядзеля распачынае самы важны для хрысьціян тыдзень, які называецца Вялікім тыднем перад уваскрэсеньнем Хрыста. Гэта добрая нагода, каб задумацца над сэнсам жыцьця, яго мэтамі. Каталіцкія сьвятары заклікаюць у гэты час імкнуцца да прымірэньня з іншымі людзьмі. Гэта таксама апошняя нагода, каб ісьці на споведзь перад Вялікаднем.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт