Logo Polskiego Radia
Print

Уступіў у сілу пакет пяці законаў, вядомых як Канстытуцыя бізнэсу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 01.05.2018 11:03
Сэнс гэтага закону ў тым, каб прадпрымальнікам прасьцей было весьці свой бізнэс.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Зь сёньняшняга дня ўступае ў сілу пакет пяці законаў, вядомых як Канстытуцыя бізнэсу. Гэты дакумэнт адхіляе існуючы Закон аб свабодзе эканамічнай дзейнасьці, а мэта новага вырашэньня ў тым, каб прадпрымальнікам прасьцей было весьці бізнэс.

Новыя правілы ўводзяць прынцып «тое, што не забараняецца законамі, дапускаецца». Канстытуцыя бізнэсу зьмяшчае таксама правіла, што ў выпадку спрэчкі, у якой цяжка прыняць справядлівае рашэньне, яна вырашаецца на карысьць прадпрымальніка. Міністар прадпрымальніцтва й тэхналёгіі Ядвіга Эмілевіч падкрэсьліла, што прынятыя і іншыя карысныя для прадпрымальнікаў правілы.

Я.Эмілевіч: Гэтак званая «стартавая паласа» – 6 месяцаў ад рэгістрацыі эканамічнай дзейнасьці прадпрымальнік ня плаціць сацыяльных узносаў. Таксама скарочаны абавязковы тэрмін з 50 гадоў да 10, на працягу якога прадпрымальнік мусіць захоўваць дакумэнты працаўнікоў. Дакумэнты можна захоўваць у лічбавым фармаце.

Віцэ-прэм’ер і міністар навукі й вышэйшай адукацыі Яраслаў Говін лічыць, што новыя правілы будуць дапамагаць малому й сярэдняму бізнэсу, які ў значнай ступені прычыняецца да разьвіцьця польскай эканомікі.

Я.Говін: У тым ліку таксама прадпрыемствы, якія засноўваюць маладыя прадпрымальнікі або маладыя навукоўцы, і дзейнічаюць у абшары сучасных тэхналёгій.

Новыя правілы Канстытуцыі бізнэсу дазваляюць весьці незарэгістраваную эканамічную дзейнасьць. У такім выпадку ўладальнік звольнены з выплаты абавязковых страхавых узносаў. Аднак пасьля атрыманьня даходу, які перавышае палову месячнай мінімальнай заработнай платы (1050 злотых) трэба будзе зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік.

Цягам бліжэйшых шасьці месяцаў будзе пакліканы Омбудсмэн малых і сярэдніх прадпрымальнікаў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт