Logo Polskiego Radia
Print

Украінцаў прымушалі нелегальна працаваць у польскіх крамах

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 31.05.2018 09:03
Некаторыя працадаўцы ставілі грамадзян суседняй краіны ля прылаўкаў у нядзелі, калі афіцыйна забаронена гандляваць.
pixabay.com/Public Domain CC0

Дзясяткі крам у Польшчы абыходзяць забарону на гандаль у нядзелі. Галоўная інспэкцыя працы ўжо накіравала ў суды каля 80 іскаў аб пакараньні парушальнікаў. Большасьць зь іх датычыць гандлёвых сетак.

Аднак поўны маштаб парушэньняў стане вядомы толькі ў сярэдзіне чэрвеня.

Колькасьць спраў, якія трапілі ў суды, магла б быць і большая. Аднак з многімі прадаўцамі ўдалося прыйсьці да кампрамісу. Зрэшты, яны атрымалі пакараньне штрафамі ад адной да дзьвюх тысяч злотых (544-1088 бел. руб.).

У суды трапілі справы тых крам, якія, нягледзячы на папярэджваньні інспэктараў працы, па ранейшаму парушалі заканадаўства. Калі суд прызнае іх вінаватымі, то такія гандлёвыя кропкі будуць вымушаны заплаціць да 100 тысяч злотых (54 400 бел. руб.) кары. Праўда, рашэньняў судоў давядзецца чакаць некалькі месяцаў.

Сярод тых гандлёвых сетак, якія парушылі забарону гандлю ў нядзелі, — адна з найбуйнейшых — Żabka. Цяпер гэта гандлёвая сетка пераўтварае свае крамы ва ўстановы зьмяшанага тыпу, адкрываючы ў іх паштовыя аддзяленьні. Пошта можа працаваць у нядзелі. У прафсаюзах Solidarność, аднак, мяркуюць, што крамы Żabka не адпавядаюць статусу паштовых аддзяленьняў.

Яшчэ адна цікавая акалічнасьць. У крамах, якія працуюць у нядзелі, ля прылаўка ў гэтыя дні можа знаходзіцца легальна толькі ўласьнік. Аднак часьцей за ўсё гандлююць работнікі, сярод якіх многа грамадзян Украіны. Прычым зафіксаваны выпадкі, калі яны ня маюць дазволу на працу на тэрыторыі Польшчы.

Dziennik Gazeta Prawna/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт