Logo Polskiego Radia
Print

Някрошус ставіць Гамбровіча

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 15.06.2018 12:44
Літоўскі рэжысэр рыхтуе пастаноўку ў варшаўскім Нацыянальным тэатры.
Ілюстрацыйны здымак.Ілюстрацыйны здымак.Фота: pixabay.com/Dieter_G

Вядомы літоўскі рэжысэр Эймунтас Някрошус паставіць у варшаўскім Нацыянальным тэатры спэктакль паводле драмы “Шлюб” польскага пісьменьніка Вітальда Гамбровіча. Гэта ўжо другая пастаноўка польскай клясыкі ў выкананьні літоўца — пасьля “Дзядоў” Адама Міцкевіча, якія былі інсцэніраваны ў тым жа тэатры.

Паводле самога Някрошуса, ён даўно захапляецца творчасьцю Гамбровіча. А прапанова паставіць “Шлюб” паступіла ад Нацыянальнага тэатру ў Варшаве.

Перад уласнай пастаноўкай Някрошус азнаёміўся з запісамі ранейшых інсцэніровак “Шлюбу”, якія рабілі Ежы Яроцкі і Ежы Гжагажэўскі.

Паводле слоў літоўскага рэжысэра, яго вэрсія будзе адрозьнівацца ад папярэдніх. Напрыклад, упершыню ў гісторыі пастаноўкі “Шлюбу” асобы Маткі і Манькі будзе іграць адна актрыса. Зьявяцца ў спэктаклі і акторы, якія ўжо ігралі ў ранейшых вэрсіях “Шлюбу”. Напрыклад, Ежы Радзівіловіч, які ў інсцэніроўцы Яроцкага іграў Хэнрыка, а зараз будзе пераўвасабляцца ў Бацьку.

Някрошус доўга працаваў з арыгінальным тэкстам твора, параўноўваў сваё бачаньне “Шлюбу” зь меркаваньнямі актораў.

Літоўскі рэжысэр да свайго другога спэктаклю на варшаўскай сцэне выашыў далучыць некаторых актораў з пастаноўкі “Дзядоў”. Гжэгаж Малэцкі, які іграў у “Дзядах” Густава Конрада, у “Шлюбе” выканае ролю П’яніцы.

Сцэнаграфію да спэктаклю стварыў Марус Някрошус, касьцюмы — Надзежда Гульцяева, а музыку напісаў Альгірдас Марцінайціс.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт