Logo Polskiego Radia
Print

Санстанцыя праверыла польскія бальніцы

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 18.06.2018 15:20
Парушэньні выяўлены ў 944 установах аховы здароўя.
pixabay.com/Public Domain CC0

Санітарна-эпідэміялягічная служба Польшчы ацаніла стан 944 бальніц краіны як пагражальны бясьпецы хворых. Такія ўстановы аховы здароўя павінны быць або закрыты, або абмежаваць сваю дзейнасьць.

У 123 бальніцах выяўлены сур’ёзныя парушэньні, у рэшце — менш значныя. Толькі шэсьць устаноў прайшлі кантроль без заўваг.

Сярод найбольш частых парушэньняў адзначаюцца:

праблемы са стэрылізацыяй інструмэнтаў;

брак запасу вады і электраэнэргіі на надзвычайны выпадак;

парушэньне правіл радыялягічнай бясьпекі.

Таксама ў некаторых бальніцах няправільна працавалі вэнтыляцыйныя шахты.

У Польшчы з 31 сьнежня мінулага году дзейнічае распараджэньне, паводле якога ўсе лячэбныя ўстановы павінны выконваць акрэсьленыя санітарныя стандарты. Міністэрства аховы здароўя выразна ўказвала на тое, што парушэньне ўмоў прывядзе да закрыцьця бальніцы.

Бальніцы тлумачаць свае праблемы бракам грошай. Маўляў, патрабаваньні з боку дзяржавы вельмі строгія ў параўнаньні з краінамі Заходняй Эўропы. Так лічыць Ярослаў Федаровіч, старшыня Польскай фэдэрацыі бальніц.

Цяпер даныя аб парушэньнях знаходзяцца на рабочым стале міністра аховы здароўя Польшчы. Яны будуць улічвацца падчас чарговай праверкі бальніц. Таксама такія ўстановы могуць быць пазбаўлены фінансаваньня.

Dziennik Gazeta Prawna/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт