Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўнік прафсаюзу паліцыі занепакоены пагаршэньнем маралі паліцыянтаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.07.2018 15:56
Паліцыянты скардзяцца на палітызаваньне іх ролі, калі яны прымушаныя ахоўваць дэманстрацыі пратэсту.
pixabay.com/Public Domain/CC0

«Gazeta Wyborcza» паведамляе пра ліст кіраўніка Незалежнага самаўрадавага прафсаюзу паліцыянтаў міністру ўнутраных спраў Яахіму Брудзінскаму (Joachim Brudziński). Рафал Янкоўскі (Rafał Jankowiski) занепакоены ў сваім лісьце настроямі ў шэрагах польскай паліцыі, асабліва тых функцыянэраў, якія былі адпраўленыя ахоўваць апошнія дэманстрацыі апазыцыі.

Нагадаем, падчас пратэстаў супраць увядзеньня паправак у законы аб судовай сыстэме мелі месца сутычкі з паліцыяй. Арыштаваныя чатыры асобы, якім пастаўлена абвінавачаньне ў нападзеньні на паліцыянтаў. Затрыманыя адмаўляюць сваю віну. Двое з іх вінавацяць паліцыю ў зьбіцьці. Амбудсмэн Адам Боднар зьвярнуўся да галоўнага камэнданта варшаўскай паліцыі з просьбаю правесьці сьледзтва.

Старшыня прафсаюзу паліцыі піша ў лісьце да міністра ўнутраных спраў, што настроі паліцыянтаў, якія прымушаныя ахоўваць пратэсты, пагаршаюцца. Паліцыянты скардзяцца на палітызацыю іх ролі, а таксама на тое, што ўлады не прамыюць максымальных сродкаў дзеля таго, каб функцыянэры ды іх блізкія адчувалі сябе бясьпечна. Паліцыянты мяркуюць, што такія дзяржаўныя будынкі, які Сэйм, павінна ахоўваць спэцыяльная служба, а паліцыя існуе дзеля таго, каб клапаціцца пра бясьпеку грамадзян на вуліцах гарадоў. Ананімная крыніца інфармацыі выданьня паведаміла, што многія паліцыянты бяруць бюлетэні на той час, калі адбываюцца масавыя пратэсты.

У размове з журналістамі выданьня старшыня прафсаюзу Рафал Янкоўскі адзначыў, што абвінавачаньне ў палітызацыі ролі паліцыі ён кіруе хутчэй да апазыцыі, а не да міністра. І дадаў, што паліцыянты стаялі каля Сэйму не для ўласнай прыемнасьці, а таму, што атрымалі такі загад.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт