Logo Polskiego Radia
Print

У польскай вёсцы бракуе гінэколягаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.08.2018 12:45
На адну паліклініку ў горадзе прыпадае ў сярэднім 4,5 тыс. пацыентак, у той час як на вёсцы 10 тыс.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

На адну вясковую паліклініку ў Польшчы прыпадае 28 тыс. пацыентак. У выніку павялічылася сьмяротнасьць падчас родаў. Такія вынікі апублікавала Найвышэйшая кантрольная палата Польшчы.

Была праведзена праверка ў васьмі ваяводзтвах. У кожным зь іх інспэктары наведалі хаця б тры паліклінікі. Былі правераны таксама ваяводзкія аддзелы Нацыянальнага фонду здароўя.

Паводле даклада палаты, на адну паліклініку ў горадзе прыпадае ў сярэднім 4,5 тыс. пацыентак, у той час як на вёсцы 10 тыс.

Аднак гэта сярэднія лічбы, якія не адлюстроўваюць усёй складанасьці праблемы. Так, напрыклад, у Апольскім ваяводзтве на вёсцы дзейнічаюць толькі сем гінэкалягічных паліклінік. Яшчэ горш на Падляшшы, бо гэта ваяводзтва большае за Апольскае, а ў ім усяго шэсьць паліклінік. Такім чынам, на адну прыпадае 24 тысячы пацыентак. А ў Бяльскім павеце Люблінскага ваяводзтва дзейнічае толькі адна паліклініка, а пацыентак, якім патрэбен гінэколяг, налічваецца 46 тыс.

У шасьці ваяводзтвах, якія наведала інспэкцыя, у радыусе 20 км няма ніводнага гінэколяга. Склалася сумнае становішча, — канстатуецца ў справаздачах інспэктараў. У выніку вырасла колькасьць сьмярцей падчас родаў: на Падляшшы — 23,28 на 100 тысяч народжаных немаўлят, а на Апольшчыне — 33,64. Для параўнаньня, на Падкарпацьці, дзе 30% паліклінік дзейнічае на вёсцы, паказчык сьмярцей падчас родаў складае ўсяго 5,41, а ў Вялікай Польшчы — 3,36.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт