Logo Polskiego Radia
Print

Саміт "ЭЗ - Кітай"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.09.2012 14:25
Эўропе патрэбныя кітайскія грошы на аблігацыі банкрутуючых прадпрыемстваў, але яна бароніць свае рынкі ад танных тавараў з Кітаю.

У Брусэлі прайшоў 15-ты саміт “Эўрапейскі Зьвяз – Кітай”. Для Кітаю Эўропа стала самым важным гандлёвым парнэрам. Абарачэньне ў двухбаковым гандлі склала ў мінулым годзе 428 млрд. эўра. Эўропе патрэбныя кітайскія грошы на аблігацыі банкрутуючых прадпрыемстваў, але яна бароніць свае рынкі ад танных тавараў з Кітаю. Аднак саміт закончыўся без прыняцьця ключавых рашэньняў.

Апошні канфлікт паміж Эўрапейскай камісіяй ды Кітаем датычыў сонечных калектараў. Камісія па заяве канкурэнтаў Кітаю з Эўропы пачала працэдуру антыдампінгу супраць надта танных тавараў зь Кітаю. Сонечныя калектары складаюць каля 7% усяго кітайскага экспарту ў Эўропу. Па словах вытворцаў падобных тавараў з Эўропы, іх цана ніжэйшая за кошты вытворчасьці. Але чыноўнікі ЭЗ стараюцца не дапусьціць да канфлікту, паколькі для ўладаў Эўрапейскага Зьвязу вельмі важная падтрымка Кітаем эўрапейскіх банкрутаў. А пра гэта казаў кіраўнік кітайскага ўраду Вэнь Цзябао падчас адкрыцьця эканамічнага саміту. Гаворка ідзе пра пакупку аблігацый эўрапейскіх фондаў.

В. Цзябао: Кітай намераны дапамагаць Эўропе пераадолець крызыс у эканоміцы. Мы выкарыстаем усе нашыя магчымасьці.

Але ў іншых галінах Кітай ды Эўрапейскі Зьвяз не змаглі знайсьці супольную мову. Ахова навакольнага асяродзьдзя з мэтай прадухіленьня зьменаў клімату, эмбарга Эўропы на пастаўкі зброі ў Кітай, пазыцыя па пытаньні Сырыі, а таксама гандаль і інвэстыцыі. Фірмы з Эўрапейскага Зьвязу скардзяцца, што ў Кітаі яны ня могуць браць удзелу ў дзяржаўных тэндэрах, таксама кітайскія інвэстыцыі ня ўсім эўрапейцам падабаюцца. Пра гэта казаў старшыня Рады Эўропы Герман Ван Ромпай.

Г. В. Ромпай: Мы павінны зрабіць больш у двухбаковых адносінах. Мы павінны адкрыць нашы рынкі, даць гарантыю роўных магчымасьцяў усім суб’ектам гаспадараньня.

На жаль, падчас саміту не прагучала ніводнага абяцаньня з боку кітайскіх удзельнікаў пра лепшы доступ фірмаў з Эўропы да кітайскага рынку. Тым ня менш, эўрапейскія дыпляматы стараюцца не выклікаць канфліктаў. Падчас крызысу, які назіраецца ў Эўропе, яны цэняць тое, што кітайцы купляюць эўрапейскія аблігацыі. Вэнь Цзябао адзначыў, што Эўропа застаецца для Кітаю адным з галоўных месцаў укладаньня грашовых сродкаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт