Logo Polskiego Radia
Print

На Алімпіяду ў Сочы людзі ня хочуць ехаць

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.01.2014 15:52
Упершыню ў найноўшай гісторыі білеты на Алімпіяду застаюцца нераспрададзеныя за пару тыдняў да яе пачатку.

Упершыню ў найноўшай гісторыі білеты на Алімпіяду застаюцца нераспрададзеныя за пару тыдняў да яе пачатку. Паводле агенцтва АР, за два тыдні да цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Сочы каля 30% квіткоў застаюцца "ў касах". Для параўнаньня: у гэты ж пэрыяд перад Алімпіядай 2010 года ў Ванкувэры й летнімі Гульнямі ў Лёндане 2012 года распрададзена было каля 97% білетаў. Алімпійскія чыноўнікі выказваюць надзею на тое, што квіткі, якія засталіся, будуць узмоцнена разыходзіцца на "гарачай распродажы", аднак арганізатары папярэдніх Гульняў выказваюць скептыцызм. Чакаецца, што каля 75% гледачоў Алімпіяды будуць расейскімі грамадзянамі. Замежных турыстаў на Гульні ў Сочы прыцягнуць аказалася вельмі складана. "Некаторыя зь іх лічаць, што гэта занадта дорага, іншыя асьцерагаюцца з-за стану бясьпекі”, - разважае член Міжнароднага алімпійскага камітэту Герхард Хэйбэрг. “Што тычыцца маёй краіны, Нарвэгіі, то я ведаю, што некаторыя людзі й кампаніі не зьбіраюцца ехаць менавіта па гэтых дзьвюх прычынах", – зазначыў нарвэжац.
Як зазначаюць сусьветныя СМІ, расейскія й міжнародныя спэцслужбы займаюцца пошукам як мінімум чатырох "чорных удоваў", якія падазраюцца ў змове з мэтай зьдзяйсьненьня тэрактаў на Алімпіядзе. Нядаўна ў інтэрнэце было апублікавана відэа, на якім радыкальная групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за тэракты ў Валгаградзе, абяцаючы яшчэ больш страшнае кровапраліцьцё падчас Гульняў. Акрамя таго, сваю ролю адыграла й расейская палітыка гамафобнага фанатызму на дзяржаўным узроўні.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт