Logo Polskiego Radia
Print

Знойдзены невядомыя лісты Генрыха Гімлера

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.01.2014 17:18
Перапіска й дакумэнты рэйхсфюрэра СС маюць вялікую гістарычную каштоўнасьць.

foto:
foto: wikipedia

Зьніклыя лісты, а таксама іншыя дакумэнты, якія належалі аднаму зь кіраўнікоў нацысцкай Нямеччыны, рэйхсфюрэру СС Генрыху Гімлеру знойдзеныя ў прыватным архіве ў Ізраілі. Пра гэта паведамляе нямецкае выданьне Die Welt.

Лісты ахопліваюць прамежак часу з 1927 па 1945 год. Адрасатам лістоў зьяўляецца жонка Гімлера Маргарэт. Акрамя таго, у архіве захоўваюцца раней не публікаваныя фотаздымкі, нататкі й іншыя паперы.
Дакумэнты доўгі час захоўваліся ў неназванага грамадзяніна Ізраіля. Пры гэтым выданьне не ўдакладняе, якім чынам яны апынуліся ў распараджэньні гэтага чалавека. Пасьля гэтага дакумэнты трапілі ў прыватны архіў і зараз захоўваюцца ў сэйфе аднаго з банкаў у Тэль- Авіве.
Экспэртыза Фэдэральнага архіва Нямеччыны пацьвердзіла сапраўднасьць дакумэнтаў.
Нягледзячы на банальнасьць зьместу лістоў, большасьць зь якіх уяўляе любоўную перапіску мужа й жонкі, яны маюць несумненную гістарычную каштоўнасьць. Найбольш уплывовыя нацысцкія лідэры, у тым ліку Адольф Гітлер, не пакінулі пасьля сябе практычна ніякіх асабістых дакумэнтаў. Перапіска Гімлера з жонкай дазваляе пашырыць наяўныя зьвесткі пра асобу кіраўніка СС, даведацца пра яго атачэньне й лад жыцьця з новага боку, лічыць нямецкі гісторык Міхаэль Вільдт.
Генрых Гімлер быў адным з найбольш уплывовых палітыкаў Трэцяга Рэйху, уваходзіў у найбліжэйшае атачэньне Адольфа Гітлера. У траўні 1945 года скончыў жыцьцё самагубствам.

риа новости/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт