Logo Polskiego Radia
Print

Беспарадкі на поўначы Косава

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 23.06.2014 14:55
Больш за 20 чалавек атрымалі раненьні ў беспарадках на поўначы Косава.


Дваццаць адзін чалавек, сярод якіх 13 ахоўнікаў правапарадку і двое журналістаў, атрымалі раненьні ў сутыкненьнях на поўначы Косава ў горадзе Косаўская Мітравіца.

Беспарадкі справакавалі косаўскія албанцы, якія выступілі супраць перакрыцьця сэрбамі цэнтральнага маста праз раку Ібар у Косаўскай Мітравіцы. Рака падзяляе горад на албанскую і сэрбскую часткі, а раёны блізу маста раней неаднаразова станавіліся месцам міжэтнічных сутычак.

Некалькі дзён таму сэрбы са свайго боку расчысьцілі праход ад барыкады, якая знаходзілася тут з 2011 года, а замест яе паставілі шэраг масіўных кадак з расьлінамі, назваўшы раён "Паркам сьвету", і такім чынам зноў цалкам перакрылі праязную частку.

Гэта выклікала пратэсты мясцовых албанцаў, каля тысячы якіх сабралася блізу маста з патрабаваньнямі аб'яднаць дзьве часткі гораду. Яны спрабавалі прабіць кардон бясьпекі. У выніку паліцыі давялося прымяніць сьлезацёчны газ і шумавыя гранаты. У выніку пратэсту затрыманыя пяць чалавек, былі спаленыя чатыры аўтамабілі, якія належалі косаўскай паліцыі, місіям Эўразьвязу і ААН. Згодна з заявамі, у бліжэйшыя дні мясцовыя і міжнародныя праваахоўнікі ўзмоцняць кантроль над мастом.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт