Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ асудзіў эскаляцыю канфлікту на ўсходзе Ўкраіны

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 17.08.2015 15:02
Эўразьвяз і Эўракамісія рашуча асудзілі ваенныя дзеяньні на Данбасе, у выніку якіх загінулі мірныя грамадзяне.

17 ліпеня Эўразьвяз і Эўракамісія асудзілі эскаляцыю напружаньня на ўсходзе Ўкраіны. Паводле афіцыйных крыніц, за мінулыя суткі сэпаратысты зьдзейсьнілі 148 абстрэлаў.

«Мы рашуча асуджаем эскаляцыю канфлікту ва Ўкраіне, якая адбылася мінулай ноччу і ў выніку якой загінулі мірныя грамадзяне ў мясцовасьцях Сартана і Красногораўка», - заявіла прэс-сакратар кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Рэй.

Рэй падкрэсьліла, што абодва бакі канфлікту павінны цалкам выконваць рэжым спыненьня агню і распачаць усе магчымыя меры па абароне цывільнага насельніцтва.

Украінскія вайскоўцы ўжо некалькі дзён паведамляюць пра ўзмоцненыя абстрэлы з боку сэпаратыстаў з самаабвешчаных рэспублік.

У цяперашні час у Данбасе дзейнічае рэжым спыненьня агню. Адпаведнае пагадненьне замацаванае ў дакумэнтах, падпісаных па выніках сустрэчы лідараў «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Расея, Нямеччына, Францыя) у Менску ў лютым 2015 году. Нягледзячы на гэта, абодва бакі канфлікту рэгулярна вінавацяць адзін аднаго ў незахаваньні перамір'я. Парушэньні фіксуюцца і міжнароднымі назіральнікамі.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт