Logo Polskiego Radia
Print

Расея сьпіваецца на сьмерць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.04.2016 15:56
Зьмены магчымыя, але яны павінны адбыцца ў шматлікіх галінах жыцьця.
photo: pixabay.com/CC0

Статыстыка ніколі не была для расейцаў такой дрэннай, як цяпер. Па прычыне празьмернага спажываньня алькаголю кожны чацьвёрты мужчына пражыве ня больш, чым 50 гадоў, а сьмяротнасьць параўноўваюць з наступствамі ваеннага канфлікту. Пра тое, як Расея сьпіваецца на сьмерць, расказвае выданьню «Wprost» ангельскі журналіст, аўтар кніжкі «Апошні расеец. Як выратаваць зьнікаючы народ» Алівэр Булёў (Oliver Bullough).

Карані алькагольнай праблемы расейцаў сягаюць у 50-60 гг., калі палітычная сыстэма пачала зьмяняцца, але атмасфэра агульнай падазронасьці і страху засталася, што выклікала грамадзкі псыхоз. Выпіўка давала людзям прадыхнуць ад штодзённых праблем. Толькі так можна патлумачыць рэзкі рост спажываньня сьпіртнога пасьля Другой сусьветнай вайны. З грамадзкай праблемы гэта стала праблемай дэмаграфічнай. Расьце колькасьць сьмерцяў пры паралельным падзеньні колькасьці нованароджаных дзяцей. Наступствы алькагалізму для Расеі проста жахлівыя.

Чаму Ўладзімір Пуцін не прымае радыкальных крокаў? Акрамя здароўя і дэмаграфіі, існуе яшчэ палітыка. У прыватнасьці, вялізныя прыбыткі з акцызу. Дзякуючы падаткам дзяржаўная скарбніца атрымлівае кожны год мільярды рублёў. У гісторыі Расеі былі часы, калі акцыз прыносіў большы даход, чым нафтаздабыча. Улады ведаюць таксама, што калі рэзка павысяць цэны на сьпіртное, пашырыцца нелегальная вытворчасьць алькаголю. Іншая справа – гэта разуменьне з боку палітыкаў, што кожны, хто падыме руку на гарэлку, пачне губляць сымпатыю выбарцаў.

Зьмены магчымыя, але яны павінны адбыцца ў шматлікіх галінах жыцьця – службе аховы здароўя, адукацыі, падыходзе да спажываньня алькаголю, у тым ліку на працы. Надзея толькі ў маладых, у новым пакаленьні, – гаворыць аўтар кніжкі «Апошні расеец...» Алівэр Булёў.

Wprost/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт