Logo Polskiego Radia
Print

Кіраўніком амэрыканскай дыпляматыі можа стаць «ястраб»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.11.2016 15:25
Унутры Рэспубліканскай партыі ідуць вострыя дыскусіі вакол кандыдытыў на пасаду дзяржаўнага сакратара.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Новаабраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас сваёй выбарчай кампаніі неаднаразова выказваўся пра неабходнасьць дамовіцца з Расеяй. Сусьветныя СМІ асьцерагаюцца, што ЗША рыхтуюць новую «перазагрузку» адносінаў з Уладзімерам Пуціным, падобную да той, якая назіралася ў 2009 годзе – пасьля прыходу ў Белы дом Барака Абамы. Аднак кірунак замежнай палітыкі ЗША застаецца няясным – піша «Gazeta Wyborcza».

Супраць дамоваў з Пуціным выступае сэнатар Рэспубліканскай партыі Джон МакКэйн. «Амэрыка вялікая тады, калі абараняе людзей, якія змагаюцца супраць тыранаў, а не тады, калі дапамагае тыранам», – заявіў ён нядаўна. Аднак МакКэйн, як і вялікая частка Рэспубліканскай партыі, мае вельмі дрэнныя адносіны з новым гаспадаром Белага дому.

Хто будзе прызначаны дзяржаўным сакратаром – застаецца няясным. Нядаўна на гэтую пасаду прарочылі былога амбасадара Злучаных Штатаў пры ААН Джона Болтана. Цяпер жа зьявілася інфармацыя, што шэфам амэрыканскай дыпляматыі можа стаць былы мэр Нью-Ёрка Рудольф Джуліяні. Калі падчас выбарчай кампаніі Трамп абяцаў скараціць удзел ЗША ў вайсковых канфліктах, то выбар Джуліяні падаецца нелягічным. Джуліяні – гэта адзін з галоўных «ястрабаў» у Рэспубліканскай партыі. Напрыклад, год таму ён заклікаў бамбардаваць іранскія ўстаноўкі па ўзбагачэньні ўрану – піша «Gazeta Wyborcza».

Gazeta Wyborcza/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт