Logo Polskiego Radia
Print

У Віетнаме пачалося будаўніцтва завода па вытворчасьці грузавікоў МАЗ

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.03.2017 09:59
Беларуска-віетнамскі завод зможа штогод выпускаць да 1,5 тысячы аўтамабіляў.
Photo: Redline - Уласная праца/be.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У Віетнаме пачалося будаўніцтва завода па вытворчасьці грузавікоў МАЗ, які зможа штогод выпускаць да 1,5 тысячы аўтамабіляў, паведамілі ў ААТ „МАЗ”.

Беларуска-віетнамскі завод будуюць за 40 км ад Ханоя па праекце Менскага аўтазавода, але з прыцягненьнем мясцовых падрадчыкаў. Да канца году з цэхаў павінны выехаць новыя аўтамабілі.

Для рэалізацыі праекта Менскі аўтазавод два месяцы таму зарэгістраваў сумеснае прадпрыемства MAZ Asia. Віетнамскім партнэрам выступіла фірма AuViet Industry, якая рэалізуе ў статусе дылера самазвалы БелАЗ і камплекты „Белшыны”. Віетнамцы атрымаюць 70% статутнага фонду, а ўзамен укладуць інвэстыцыі. МАЗ, у сваю чаргу, пакрые сваю 30-працэнтную долю тэхналёгіямі (па іх будуць узводзіць завод і зьбіраць аўтамабілі) і тэхнікай — грузавікамі, якія прывязуць зь Менска.

У Віетнаме на першым этапе будуць зьбіраць шэсьць мадэляў аўтатэхнікі МАЗ. Перш за ўсё гэта вялікія й малыя самазвалы, цягачы для порта, грузавікі й шасі для спэцтэхнікі. У будучыні на зборачнай вытворчасьці будуць усталёўваць розныя надбудовы, напрыклад цыстэрны або навясное абсталяваньне для камунальнай тэхнікі. Толькі за тры гады плянуецца выпусьціць каля 2 тыс. аўтамабіляў.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт