Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз стварае 100-тысячны корпус валянцёраў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.05.2017 18:08
Стаць эўрапейскім валянцёрам можа кожны малады чалавек, які пражывае ў краіне ЭЗ.
europa.eu

Больш за 340 мільёнаў эўра Эўракамісія плянуе выдаць Эўрапейскаму корпусу салідарнасьці. Адпаведную прапанову Эўракамісія зацьвердзіла ў аўторак. Корпус салідарнасьці – гэта новая арганізацыя Эўразьвязу, якая рэалізуе валянцёрскія праекты ў Эўразьвязе й па-за яго межамі. Да 2020 году корпус павінен налічваць 100 тысячаў чалавек.

Корпус салідарнасьці – гэта эўрапейскі адпаведнік амэрыканскага Корпусу міру. Уступіць у яго могуць маладыя людзі ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў, якія зьяўляюцца грамадзянамі краінаў ЭЗ, альбо пражываюць на яго тэрыторыі. Рэгістрацыя пачалася ў сьнежні, і ў шэрагі Корпусу салідарнасьці ўжо ўступілі больш за 30 тысячаў чалавек.

Яны будуць дапамагаць хворым, пажылым людзям, аказваць дапамогу падчас стыхійных бедзтваў. Эўрапейскія валянцёры дапамогуць ва ўрэгуляваньні міграцыйнага крызысу, будуць удзельнічаць у адукацыйных праектах і праектах у галіне экалёгіі. Валянцёрства дапаможа маладым людзям атрымаць досьвед, кантакты, а таксама прафэсійныя навыкі. На думку Эўракамісіі, праца ў Корпусе салідарнасьці павысіць шанцы маладых на рынку працы й зьнізіць беспрацоўе сярод моладзі.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт