Logo Polskiego Radia
Print

Партыя Э.Макрона атрымала менш мандатаў, чым давалі ёй прагнозы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.06.2017 16:27
  • Францыя.mp3
Тым ня менш, рух прэзыдэнта зможа самастойна сфармаваць францускі ўрад.
Францускі парлямэнтФранцускі парлямэнтPAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON

Эманюэль Макрон ледзьве год таму заснаваў сваю палітычную партыю, а цяпер яна зь вялізнай перавагай перамагла на парлямэнцкіх выбарах у Францыі. Рух прэзыдэнта "En Marche!" (Наперад!) заваяваў 350 мандатаў з 577 месцаў для дэпутатаў у Нацыянальным сходзе краіны.

Партыя прэзыдэнта зможа самастойна кіраваць дзяржаваю. Рэшта францускай палітычнай сцэны застанецца вельмі раздробленай. Правыя сілы атрымалі 137 мандатаў, а сацыялісты – толькі 44. Пра сапраўдную паразу можа казаць Нацыянальны фронт Марын Ле Пэн. Яшчэ нядаўна здавалася, што старшыня праварадыкальнай партыі можа пазмагацца за пасаду прэзыдэнта краіны, калі Ле Пэн увайшла ў другі тур прэзыдэнцкіх выбраў, а цяпер аказваецца, што ў парлямэнце фронт можа мець толькі аднаго дэпутата – саму Ле Пэн. Гэта вынік як рэзкага скарачэньня грамадзкай падтрымкі радыкальных правых сілаў, так і вельмі несправядлівай для малых партый мажарытарнай сыстэмы галасаваньня.

Усе міністры Макрона былі пераабраныя падчас выбараў. Раней прэзыдэнт паставіў умову: хто прайграе выбары, той мусіць пакінуць шэрагі ўраду. У сваю чаргу сярод тых, хто панёс паразу, шмат прозьвішчаў асоб, якія цягам апошніх 5 гадоў кіравалі краінай, між іншым, з палітычнага лягера сацыялістаў. Для Францыі гэта гістарычнае галасаваньне, паколькі цяпер Макрону ня прыйдзецца аглядацца на кааліцыйных партнэраў, ён зможа самастойна сфармаваць урад. Вынік радуе прэм’ер-міністра Эдуарда Філіпа, які так казаў пра выбар французаў:

Э. Філіп: Галасуючы, рашучая большасьць французаў выбрала надзею, а не злосьць, аптымізм, а не пэсымізм. Я хацеў бы падзякаваць усім, у тым ліку тым, хто ўдзельнічаў у арганізацыі выбараў, за тое, што яны прайшлі бясьпечна. Віншую таксама ўсіх новых дэпутатаў.

Перадвыбарчыя прагнозы давалі партыі Макрона яшчэ больш мандатаў, чым яна атрымала на самой справе. Тым ня менш, і так групоўка зможа кіраваць самастойна. Гэта дае Макрону ўсе магчымасьці правядзеньня неабходных рэформаў. Францускія СМІ ўжо раздабылі пляны зьменаў, якія намеранa ўвесьці групоўка Еn Marche! Гэта, у прыватнасьці, рэформа рынку працы, аднак плян Макрона цяжка назваць вельмі радыкальным. У ім няма гаворкі пра зьмяншэньне вялізных дзяржаўных выдаткаў з бюджэту (цяпер гэта 57% ВУП) ці значнага абмежаваньня колькасьці чыноўнікаў. Макрон імкнецца да лібэралізацыі працоўнага рынку, якая дасьць большую свабоду наймальнікам і зьменшыць правы працаўнікоў. Гэтая рэформа можа выклікаць пратэсты ў францускім грамадзтве, якое лёгкае на пад’ём, калі гаворка ідзе пра змаганьне за ўласныя прывілеі.

Новы ўрад плянуе таксама аздаравіць маральныя прынцыпы палітычнага жыцьця краіны і прыняць новы антытэрарыстычны закон. У рамках зьменаў Макрон хоча абмежаваць магчымасьць працы палітыкаў ды іх сваякоў на дзяржаўных пасадах ды ўвесьці рэформу фінансаваньня палітычных партый.

Пры такім вялізным адрыве ад сапернікаў партыя Макрона магла б заняцца сур’ёзнай мадэрнізацыяй дзяржавы, але мала хто ў гэта верыць. Дарэчы, перад Макронам падобныя вынікі на выбарах атрымлівалі таксама іншыя прэзыдэнты – Жак Шырак, Нікаля Сарказі або Франсуа Алянд. Ніводзін з іх ня выкарыстаў сваіх пяці хвілін, каб правесьці неабходныя рэформы.

Выбары на тэрыторыі Францыі адбыліся ў 573 аднамандатных акругах. У першым туры галасаваньня ўдалося выбраць толькі чатырох дэпутатаў, якія атрымалі галасы больш чым паловы выбаршчыкаў. Агулам у першым і другім туры ўдзельнічала 1146 кандыдатаў, палова з іх – жанчыны. Сумнае толькі тое, што так мала французаў вырашыла прыняць удзел у галасаваньні. Яўка склала толькі каля 42%. Прычынай нізкай яўкі было ня толькі добрае надвор’е і гарачыня, але таксама тое, што французы лічаць парлямэнцкія выбары не такімі важнымі, як прэзыдэнцкія. Тым ня менш, прэс-сакратар ураду заявіў, што нізкая яўка – гэта параза ўсіх французаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт