Logo Polskiego Radia
Print

У саборы Сьвятой Сафіі ў Стамбуле прагучала мусульманская малітва

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.06.2017 12:22
Грэцыя абвінаваціла ўлады Турцыі ў спробе ператварыць сусьветнавядомы музэй у мячэць.
pixabay.com

Паміж Грэцыяй і Турцыяй разгараецца канфлікт, выкліканы правядзеньнем мусульманскай малітвы ў саборы Сьвятой Сафіі ў Стамбуле. Шмат вякоў храм быў хрысьціянскай сьвятыняй. Пасьля падзеньня Канстантынопаля ў XV стагодзьдзі ён быў ператвораны ў мячэць, а ў 1934 годзе стаў музэем. Ўрад Грэцыі патрабуе спыніць рэлігійныя практыкі ў саборы й заклікае ўмяшацца ЮНЭСКА. З заклікам не ператвараць сьвецкі музэй у мячэць да ўладаў Турцыі зьвярнуўся таксама Вашынгтон.

Урад Грэцыі выказаў свой пратэст пасьля таго, як два дні таму ў сьценах сабора прагучала мусульманская малітва. Вернікаў на ёй не было, але на малітве прысутнічаў міністар па справах рэлігіяў Турцыі, а ўрачыстасьць трансьлявала турэцкае дзяржаўнае тэлебачаньне.

У адказ турэцкі ўрад абвінаваціў Грэцыю ў парушэньні правоў мусульманскай меншасьці ва ўсходнегрэцкай правінцыі Фракія. Міністэрства замежных спрваў Грэцыі заявіла, што Сьвятая Сафія альбо Сабор Божай Мудрасьці ўнесены ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА й спроба ператварыць яго ў мячэць зьяўляецца абразай міжнароднай супольнасьці.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт