Logo Polskiego Radia
Print

Францыя сьвяткуе сваё нацыянальнае сьвята

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.07.2017 15:14
Сёлетні Дзень узяцьця Бастыліі праходзіць пры надзвычай строгіх мерах бясьпекі.
Foto: ETIENNE LAURENT/POOL MAXPPP/PAP/EPA

Парадак у Парыжы пільнуюць 11 тысяч супрацоўнікаў паліцыі

На ганаровай трыбуне на плошчы Згоды сярод запрошаных гасьцей сядзелі прэзыдэнты ЗША Дональд Трамп і Францыі Эманюэль Макрон, разам са сваімі жонкамі. Сёлетні парад быў данінай пашаны амэрыканскім жаўнерам, якія сто гадоў таму ўступілі ў Першую сусьветную вайну, што прычынілася да паразы Нямеччыны.

У зьвязку з гэтым сёлетні парад адчынілі баявыя машыны той эпохі: першыя танкі, бронеаўтамабілі ды машыны ваеннай хуткай дапамогі.

Над галовамі гледачоў праляцелі дзевяць самалётаў з элітнага паветранага атраду, усьлед за імі прыляцелі амэрыканскія F-18 і F-22.

Потым на Елісейскія палі выйшлі амэрыканскія вайскоўцы – ганаровы госьць параду ў гэтым годзе. Сярод іх была дзяўчына, прадзед якой ваяваў у Францыі падчас Першай, а дзед падчас Другой сусьветных войнаў. Першымі прамаршыравалі жаўнеры ў амэрыканскай форме з тых часоў, а за імі францускія салдаты, жандары, маракі, лётчыкі і Рэспубліканская гвардыя на конях.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт