Logo Polskiego Radia
Print

Брусэль вышле Польшчы рэкамэндацыі па зьмене заканадаўства

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.07.2017 13:58
Эўракамісія незадаволеная нядаўнімі зьменамі ў судовай сыстэме і адмовай Польшчы прымаць мігрантаў.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Эўракамісія зьбіраецца выслаць Польшчы тры рэкамэндацыі па зьмене заканадаўства й дзяржаўнай палітыкі. Датычаць яны структуры судовай сыстэмы і прыёму ўцекачоў – піша Dziennik Gazeta Prawna.

Улады Эўрапейскага зьвязу лічаць, што законы, нядаўна прынятыя ў Польшчы, парушаюць прынцыпы і абавязкі, якія вынікаюць з дамовы аб Эўрапейскім зьвязе. Рэкамэндацыі Эўракамісіі не зьяўляюцца нічым надзвычайным – піша газэта. Кожны год Брусэль высылае каля тысячы такіх заўваг урадам розных краінаў Эўразьвязу.

Уладам краіны-ўдзельніцы ЭЗ даецца месяц на тое, каб выслаць афіцыйны адказ на прад’яўленыя прэтэнзіі. Калі Эўракамісія не атрымае адказу, яна высылае патрабаваньне выправіць парушэньне. Калі ўрад краіны Эўразьвязу не адказвае й на яго, то Эўрапейская камісія зьвяртаецца ў Эўрапейскі суд. Суд можа загадаць краіне зьмяніць заканадаўства й накласьці на яе штраф.

Як паведаміў намесьнік старшыні Эўрапейскай камісіі Франс Цімэрманс, крытыку Брусэля выклікае працэдура зацьвярджэньня судзьдзяў Канстытуцыйнага суду, адмова Польшчы й некаторых іншых краінаў прымаць мігрантаў з Блізкага Ўсходу, а таксама новы закон аб функцыянаваньні судоў агульнай юрысдыкцыі, які знаходзіцца на этапе прыняцьця. Па пытаньні Канстытуцыйнага суду Брусэль высылае Варшаве ўжо трэцюю рэкамэндацыю, па пытаньні ўцекачоў – другую. Заўвага, якая датычыць незалежнасьці судзьдзяў агульнай юрысдыкцыі, будзе высланая пасьля таго, як закон афіцыйна ўступіць у сілу.

Dziennik Gazeta Prawna/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт