Logo Polskiego Radia
Print

Бэрлін павялічыць дапамогу для ўцекачоў з афрыканскага кантынэнту

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.08.2017 20:01
50 млн эўра будуць скіраваныя для стварэньня мінімальна прыстойных умоваў жыцьця ў лягерах у Лібіі.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Канцлер Нямеччыны намераная павялічыць дапамогу для ўцекачоў з афрыканскага кантынэнту на 50 мільёнаў эўра. Пра гэта Ангела Мэркель заявіла пасьля сустрэчы з высокім камісарам ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі й генэральным дырэктарам Міжнароднай арганізацыі па справах міграцыі Уільямам Лэйсі Суінгам.

Сустрэча была прысьвечаная супрацьдзеяньню нелегальнай міграцыі з Лібіі да Эўропы. Па словах Ангелы Мэркель, дадатковыя грошы будуць выдзеленыя на тое, каб запэўніць мігрантам, якіх затрымалі ля берагоў Лібіі й адправілі ў лягеры ў гэтай краіне, мінімальна прыстойныя ўмовы ўтрыманьня.

Ангела Мэркель выступае за тое, каб Эўразьвяз заключыў з Лібіяй такое ж пагадненьне, як з Турцыяй. Анкара пагадзілася прымаць на сваю тэрыторыю мігрантаў, якім адмовілі ў праве на прытулак у Эўрапейскім зьвязе. У замен Турцыя атрымала фінансавую дапамогу, а таксама паўнамоцтвы праводзіць сэлекцыю й высылаць на эўрапейскі кантынэнт уцекачоў, якія маюць права на атрыманьне прытулку. Асноўнай перашкодай для заключэньня такога пагадненьня з Лібіяй зьяўляецца тое, што ў гэтай дзяржаве ідзе грамадзянскай вайна і ўрад у Трыпалі не кантралюе ўсёй тэрыторыі краіны.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт