Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія карані Д. Кушнэра - зяця і правай рукі Д. Трампа

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.08.2017 13:21
Дырэктар «Внешэканомбанку» прывёз яму падарунак – сувэнір з Наваградка і мяшочак зямлі адтуль.
Max Goldberg/Iowa State Daily from USA/commons.wikimedia.org

Выданьне «Rzeczpospolita» апісвае гісторыю сям’і Джарэда Кушнэра, зяця і блізкага памочніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Пад канец ліпеня ён расказаў пра свае кантакты з расейцамі падчас перадвыбрчай кампаніі. Напрыклад, дырэктар «Внешэканомбанку» прывёз яму падарунак – сувэнір з Наваградка і мяшочак зямлі адтуль. Справа ў тым, што дзядуля і бабуля Кушнэра паходзяць менавіта з гэтага беларускага мястэчка. Яны былі габрэямі, займаліся кравецтвам.

У часы вайны дзядуля і бабуля Джарэда трапілі ў гета, адкуль ім удалося ўцячы. Яны пазнаёміліся пазьней, у партызанскіх атрадах братоў Бельскіх у Пушчы Налібоцкай. Пасьля вайны ў рамках рэпатрыяцыі, будучы грамадзянамі Польшчы, яны выехалі сьпярша ў Польшчу, а пазьней далей на Захад і ў ЗША.

Бацька Джарэда, вядомы дэвэлёпэр Чарльз, наведаў Беларусь у чэрвені мінулага году, ужо пяты раз. Першы раз прыехаў яшчэ у часы СССР. З таго часу прыяжджае і прывозіць сваіх унукаў з нагоды «бар-міцвы». Гэта ўрачыстасьць, зьвязаная з паўналецьцем, якое ў юдаізьме адзначаецца ў 13 гадоў для хлопца і 12 для дзяўчынкі. Чарльз кажа, што хоча прывезьці ў Беларусь усіх сваіх 13 унукаў. Было ўжо трое. Сям’я Кушнэраў фінансуе будаўніцтва ў Наваградку мэмарыялу памяці вязьняў гета. Урачыстае адкрыцьцё Музэя габрэйскага супраціву плянуецца на будучы год. Напэўна Чарльз захоча ўдзельнічаць у падзеі, але невядома, каго ён возьме з сабою.

Даваеннага Наваградка ўжо няма. Тады 63% жыхароў былі габрэямі. Сёньня ў ваколіцах горада іх жыве толькі некалькі. Усё, што цяпер нагадвае пра габрэяў, фінансавалася са сродкаў з замежжа. Улады тэмай не цікавяцца, а калі прыяжджаў бацька Джарэда Кушнэра, таксама ніхто з кіраўніцтва Беларусі не зьвярнуў на гэта ўвагі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт