Logo Polskiego Radia
Print

Нямеччыну чакаюць датэрміновыя выбары?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.09.2017 14:38
Кааліцыя хрысьціянскіх дэмакратаў, лібэралаў і «Зялёных» можа аказацца вельмі нетрывалай.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Нямецкі ўрад афарбоўваецца ў колеры сьцягу Ямайкі – піша газэта Rzeczpospolita. Чорны колер – гэта кансэрватыўная партыя Ангелы Мэркель ХДС/ХСС, жоўтыя – лібэралы са Свабоднай дэмакратычнай партыі, а зялёны – гэта, уласна, экалягічная партыя «Зялёныя». Пасьля таго, як сацыялісты адмовіліся ўступаць у кааліцыяю з кансэрватарамі, толькі такі стракаты альянс дазволіць Ангеле Мэркель заручыцца большасьцю галасоў парлямэнтарыяў і сфармаваць урад.

Аднак стварыць кааліцыю не так лёгка, таму што лібэралы й «Зялёныя» маюць глыбокія супярэчнасьці. Экалягісты жадаюць, каб Бэрлін узмацняў інтэграцыю ў рамках Эўразьвязу, змагаўся са зьменамі клімату й праводзіў шчодрую сацыяльную палітыку. Свабодныя дэмакраты, наадварот, не жадаюць узмацненьня ўладаў Эўразьвязу, а таксама выступаць за скарачэньне сацыяльных выплатаў. Калі ўрад сфармаваць ня ўдасца, то Нямеччыну чакаюць датэрміновыя парлямэнцкія выбары.

Ёсьць у Бундэстагу яшчэ адна партыя – крайне правая «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Аднак з палітычным згуртаваньнем, лідары якога ўсхваляюць «дасягненьні» нямецкіх жаўнераў падчас Другой сусьветная вайны й прапануюць перастаць каяцца за злачынствы нацызму, ніхто з рэспэктабэльных партыяў аб’яноўвацца ня будзе. «Альтэрнатыва для Нямеччыны» набрала 12% галасоў выбаршчыкаў, дзякуючы сваёй антыімігранцкай рыторыцы. Аднак камэнтатары асьцерагаюцца, што ўсьлед за воклічамі супраць мігрантаў на нямецкай палітычнай сцэне загучаць лёзунгі даўно забытага нямецкага нацыяналізму – піша Rzeczpospolita.

Rzeczpospolita/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт