Logo Polskiego Radia
Print

Швэцыя й Францыя будуць разам разьвіваць электрамабілі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.11.2017 20:28
Дамову аб сумесным разьвіцьці новых экалягічных тэхналёгіяў падпісалі Стэфан Лёвэн і Эманюэль Макрон.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Прэм’ер Швэцыі Стэфан Лёвэн (Stefan Löfven) і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (Emmanuel Macron) у швэдзкім Гётэборгу падпісалі дамову аб сумесным разьвіцьці новых тэхналёгіяў, прыязных навакольнаму асяродзьдзю. Францыя і Швэцыя будуць разам распрацоўваць «зялёныя» тэхналёгіі ў галіне транспарту, фінансаў, лічбавай эканомікі й горадабудаўніцтва.

Дамова прадугледжвае супрацоўніцтва паміж швэдзкімі й францускімі дасьледчымі цэнтрамі, фінансаваньне сумесных інавацыйных стартапаў. Швэцыя й Францыя пацьвердзілі сваё жаданьне супрацьдзейнічаць зьменам клімату. Таму яны намераныя разам прасоўваць экалягічныя тэхналёгіі ў аўтамабільнай прамысловасьці – заявіў міністар эканомікі Швэцыі Мікаэль Дамбэрг (Mikael Damberg).

«Гаворка ідзе пра разьвіцьцё электрамабіляў, а таксама новыя тэхналёгіі вытворчасьці батарэяў і машынаў, падключаных да кампутарных сетак. Гэта вельмі важна для эканомікі абедзьвюх дзяржаў», – растлумачыў швэдзкі міністар.

IAR/ ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт