Logo Polskiego Radia
Print

Сваякі пасажыраў зьбітага «Боінгу» выйгралі суд

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.01.2018 18:17
Яны атрымалі права на шматмільённыя кампэнсацыі.
Маршрут Боінга МН17Маршрут Боінга МН17By Geordie Bosanko and cmglee - http://commons.wikimedia.org/wiki/File:Mercator_Projection.svg, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34053854

Сваякі ахвяраў катастрофы «Боінгу» зьбітага прарасейскімі сэпаратыстамі над Данбасам, выйгралі справу супраць лідара баевікоў Ігара Гіркіна. Гэта дае ім права на кампэнсацыю ў сотні мільёнаў даляраў – паведамляе ўкраінскае выданьне «Эўрапейская праўда» са спасылкай на галяндзкую тэлепраграму ZEMBLA.

Пазоў быў пададзены сем’ямі 25 ахвяраў катастрофы, 10 зь якіх зьяўляюцца грамадзянамі Нідэрляндаў. Амэрыканскі судзьдзя вынес вэрдыкт 21 сьнежня. Суд пастанавіў, што агульная кампэнсацыя родным ахвяраў павінна складаць амаль 400 мільёнаў даляраў – па 20 мільёнаў даляраў кожнаму.

Аднак у паведамленьні гаворыцца, што шанцы атрымаць кампэнсацыю раўняюцца нулю, паколькі сам Гіркін у суд не зьявіўся, а па яго адрасе ў Маскве нікога не знайшлі. Адвакаты сямей пацярпелых намераныя арыштаваць маёмасьць Гіркіна. Аднак і яе будзе недастаткова, каб выплаціць шматмільённыя кампэнсацыі.

«Гаворка ідзе не пра грошы, а пра аднаўленьне справядлівасьці для сем’яў. Мы хочам прыцягнуць сусьветную ўвагу да гэтай справы і да тых, хто справакаваў гэтую страшную трагедыю», – заявіў адвакат сваякоў ахвяраў катастрофы Флойд Вінсэр.

«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. Ракета была выпушчаная з комплексу «Бук», прывезенага з Расеі. У выніку катастрофы загінулі 298 чалавек.

eurointegration.com.ua/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт