Logo Polskiego Radia
Print

Жонка прэзыдэнта ўдзельнічала ў адзначэньні гадавіны вызваленьня канцлягера

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.04.2018 16:40
Полькі складалі адну чацьвёртую вязьняў у нямецкім канцлягеры Равэнсбрук.
PAP/Marcin Bielecki

Інстытут нацыянальнай памяці хацеў бы распачаць дасьледаваньні на тэрыторыі каля былога нацысцкага канцлягера ў Равэнсбруку. З удзелам былых жанчын-вязьняў ды жонкі прэзыдэнта Польшчы Агаты Корнхаўзэр-Дуды закончыліся ўрачыстасьці адзначэньня 73-ай гадавіны вызваленьня былога нямецкага канцлягера.

Старшыня ІНП Кшыштаф Швагжык сказаў Польскаму радыё, што інстытут імкнецца пачаць пошукавыя парцы ў мясцовасьці непадалёк канцлягера – у Фюрстэнбэргу. Там на пачатку 90-ых былі знойдзеныя каля трыццаці ўрнаў з парэшткамі забітых і спаленых полек. ІНП хоча весьці пошукавыя працы з мэтаю знайсьці чарговыя ўрны з прахам польскіх жанчын.

У сёньняшніх урачыстасьцях удзельнічалі, між іншым, кіраўнік Ўпраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык і віцэ-міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Яраслаў Сэлін.

Раніцай удзельнікі ўрачыстасьці маліліся каля магілы польскіх жанчын, забітых у канцлягеры. Пазьней былыя вязьняркі ды дэлегацыі ўсклалі кветкі да месцаў памяці на тэрыторыі былога канцлягера.

У нямецкім канцлягеры Равэнсбрук у гадах 1939-1945 утрымлівалася больш за 132 тыс. жанчын і дзяцей, загінула каля 92 тысяч. Полькі складалі адну чацьвёртую вязьняў.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт