Logo Polskiego Radia
Print

Грузія і Літва зьмянілі назвы адна адной

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 26.05.2018 14:14
Каўкаскую дзяржаву вырашана называць Sakartvelas, а балтыйскую Lietuva.
Грузінскі краявідГрузінскі краявідpixabay.com/Public Domain CC0

Напярэдадні візыту Прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце ў Тбілісі, што адбыўся ў пятніцу, Грузія абвясьціла аб зьмене афіцыйнай назвы балтыйскай краіны. Замест расейскай формы Litva будзе выкарыстоўвацца арыгінальная — Lietuva. Такую рэкамэндацыю прыняў яшчэ 11 траўня Дэпартамэнт дзяржаўнай мовы Грузіі.

5 красавіка Літоўская дзяржаўная моўная камісія прыняла назву Sakartvelas у якасьці афіцыйнай нароўні з формай Gruzija. Грузін будуць называць картвэламі (kartvelai), a ўсіх жыхароў Грузіі — у тым ліку сванаў, мэгрэлаў, асэцінцаў, абхазаў — сакартвэльцамі (sakartveliečiai).

У МЗС Грузіі абодва рашэньні назвалі сымбалічнымі і зьвязанымі са сьвяткаваньнем Літвой і Грузіяй стагодзьдзя ўтварэньня незалежных дзяржаў.

Літва, дарэчы, выкарыстоўвае ў дачыненьні да Беларусі дзьве назвы: Gudija і Baltarusija.

Што да назвы Грузія, то, паводле мовазнаўцаў, яна паходзіць ад пэрсыдзкага азначэньня гэтай тэрыторыі gurğān, старапэрсыдзкага varkâna “зямля ваўкоў”. Армянская назва Грузіі Vrastan таксама паходзіць ад старапэрсыдзкай. У картвэльскіх мовах назва мае такія варыянты: па-мэгрэльску Sakortuo, па-лацку Okortura, па-сванску і па-грузінску Sakartvelo.

Паводле Канстытуцыі Грузіі 1995 году, грузінская назва краіны гучыць як Sakartvelo, а па-ангельску Georgia.

Georgiatoday.ge; Wilnoteka.lt/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт