Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі брэнд Farbotka заваёўвае Эўропу

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 31.05.2012 17:37
  • Farbotka.mp3
Прамуючы беларускую культуру, дызайнэрка зь Менску дасягнула надзвычайнага посьпеху.

/

Маладая беларуска зь Любліну кінула выклік буйным фірмам моды. Паўгады таму Юлія Фарботка заснавала ўласную фірму па вырабе фэтравых сумачак. Галоўным матывам яе праектаў стаў беларускі фальклёр – арнамэнт, валошкі й пеўні. Потым Юля выпусьціла калекцыю сукенак. Сёньня ў яе фірме працуюць памочнікі, а прадукцыю з маркай Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах эўрапейскіх гарадоў.

Назва маркі Farbotka паходзіць ад прозьвішча яе заснавальніцы. Пасьля заканчэньня школы ў Менску Юля паступіла на факультэт пэдагогікі ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце. Польскую мову вучыла сама. Аднак яна хутка зразумела, што пэдагогіка гэта не яе прызначэньне й паступіла на факультэт міжнародных стасункаў у Вышэйшай школе прадпрымальніцтва й адміністрацыі.

/

Любоў да мастацтва прывілі Юлі бацькі. У таты ў свой час была мэблевая фірма, а маці працавала ў доме моды. Зь дзяцінства дзяўчына бачыла, як мама робіць чарцяжы, малюе, шые мноства самых розных рэчаў.

Аднак па - сапраўднаму і ў сур’ёз дызайнэрствам Юля занялася ў Польшчы. Усё атрымалася выпадкова, прызнаецца дзяўчына.

Ю. Фарботка: Я пачала зь ювэлірных вырабаў. Гэта былі ўпрыгожваньні са штучных камянёў, срэбра, мэталу. Я пачала езьдзіць у турыстычны гарадок Казімеж Дольны пад Люблінам, прадавала свае творы на рынку. І так усё лета. Шмат прадавала сярод знаёмых і неяк так атрымалася, што зацікавілася гэтай справай.

Падчас адпачынку ў Беларусі Юля наведала фабрыку абутку з фэтру. Ёй вельмі спадабаўся гэты матэрыял і пасьля вяртаньня ў Люблін яна вырашыла выкарыстоўваць яго у сваёй працы. Першыя вышыўкі Юля пачала рабіць на торбах год таму. Праца мела ашаламляльны посьпех і Юля хутка стварыла ўласную фірму. У сьнежні мінулага году выйшла першая калекцыя -12 фэтравых сумачак.

/

Ю. Фарботка: Знаёмым спадабалася. Усе казалі: давай яшчэ. І так атрымалася – сёньня ў маёй фірме працуе тры асобы, а прадукцыя добра прадаецца.

Юля пачынала з нуля. Рэгістрацыя фірмы заняла адзін дзень. Сродкі на пачатак бізнэсу яна атрымала зь бюджэту Эўразьвязу. Напісала праект, прайшла кваліфікацыю і атрымала 4,5 тысячы эўра на ўласную справу.

/

У асартымэнце маркі Farbotka – сумачкі самых розных памераў і самага рознага фасону: элегантныя, спартыўныя, сумкі для ноўтбукаў, чахлы для мабільнікаў, нават падушкі. Нядаўна Юля выпусьціла й калекцыю сукенак. Галоўная адметнасьць яе прадукцыі – гэта беларускія нацыянальныя арнамэнты й матывы.

Ю. Фарботка: Я вырашыла, што было б добра рэклямаваць нашую народную творчасьць. У нас вельмі шмат прыгожых арнамэнтаў, напрыклад, славутыя слуцкія паясы, беларускія васількі, пеўні. Мне гэта вельмі падабаецца й я вырашыла разрэклямаваць Беларусь.

/

Пазьней Юля пачала дадаваць да сваіх праектаў ўкраінскія, чэскія, польскія й расейскія акцэнты.

Прадукцыю маркі Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гандлёвых цэнтрах і прыватных крамах. Вельмі часта пакупнікі самі знаходзяць Юлю. Шмат прадаецца празь Інтэрнэт. Часам людзі падыходзяць на вуліцы й пытаюцца, дзе яна набывала сукенку й сумачку.

Жанчын ў сукенках альбо з торбамі маркі Farbotka неўзабаве можна будзе сустрэць і у Бразіліі, куды Юля плянуе наладзіць распаўсюд сваіх тавараў. У плянах таксама выраб сумачак са скуры. На восень Юля хоча выпусьціць уласную калекцыі вопраткі Farbotka.

Дзьмітры Гурневіч

/

/

/

/

/

/

/

Здымкі: farbotka.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт