Logo Polskiego Radia
Print

Спонсар Лукашэнкі ці паднявольны эканом

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.08.2012 17:13
Віленскі акружны суд палічыў неабгрунтаваным рашэньне МЗС аб закрыцьці рахункаў самага багатага бізнэсмэна Беларусі.

/

Летува ня раз паказвала, што яна вядзе ўласную лінію палітыкі адносінаў з рэжымам Лукашэнкі. Магчыма, рашэньне Віленскага акружнога суду зноўку скандальна праславіць Летуву ў Эўразьвязе, які стараецца парываць адносіны зь бізнэсмэнамі, прыбліжанымі да ўладаў. Суд у Вільні размарозіў рахункі аднаго з самых багатых людзей Беларусі Ўладзімера Пефціева.

Эўрапейскі Зьвяз у мінулым годзе ўвёў санкцыі супраць аднаго з самых вядомых бізнэсоўцаў Беларусі. Уладзімер Пефціеў патрапіў у “чорны сьпіс”, а рахункі трох ягоных фірмаў былі замарожаныя. Пасьля гэтага Пефціеў падаў чатыры позвы супраць Эўразьвязу. Учора суд у Вільні задаволіў ягоную скаргу, палічыўшы неабгрунтаваным рашэньне летувіскага МЗС, якое дазволіла замарозіць рахункі.

На думку Ўладзімера Мацкевіча, нічога дзіўнага ў рашэньні Віленскага акружнога суду няма, паколькі бізнэс вядзецца ў Летуве вельмі сумленна, і, відавочна, Пефціеў стараўся прытрымлівацца правілаў гульні на міжнародным рынку. Калі б ён хацеў весьці нячысты бізнэс, ён знайшоў бы іншую магчымасьць.

У. Мацкевіч: Суд вынес прысуд па скарзе Пефціева на ягоныя замарожаныя рахункі ў Летуве. Трэба было б быць вельмі недасьведчаным бізнэсоўцам, каб адчыняць у Летуве рахункі, зьвязаныя зь нейкім крыміналам ці гандлем зброяй. Справа ў тым, што летувіская дзяржава шчыльна прытрымліваецца сучасных уяўляеньняў пра эканамічныя стасункі. Бізнэс там вядзецца чыста. Таму калі б Пефціеву было патрэбна весьці несумленны бізнэс, то дзеля гэтага існуюць афшорныя зоны ці бізнэс у самой Беларусі, дзе існуе абсалютна нікім некантраляваны прэзыдэнцкі фонд.

Рашэньне суду ў Вільні сьведчыць пра незалежнасьць летувіскай судовай сыстэмы, але гэта можа таксама быць знак, што Летува прытрымліваецца выключна прагматычнай пазыцыі адносна беларускіх бізнэсмэнаў, нават тых, што зьвязаныя з уладамі, - адзначае палітычны аглядальнік Алесь Лагвінец.

А. Лагвінец: Сытуацыя сьведчыць пра незалежнасьць летувіскага суду. Хаця гэтае рашэньне можа ў пэўнай ступені сьведчыць і пра пазыцыю летувіскай дзяржавы адносна санкцыяў супраць бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць А. Лукашэнку. Пабачым, як далей будзе разгортвацца сытуацыя, якая будзе рэакцыя Брусэлю, арганізацый грамадзянскай супольнасьці й інстанцыяў, у якіх можна абскардзіць такое рашэньне.

Санкцыі краін Эўрапейскага Зьвязу супраць асобных бізнэсмэнаў, зьвязаных з рэжыміам, сьведчаць пра слабое разуменьне таго, як у Беларусі вядзецца бізнэс, - мяркуе эканаміст Сяргей Чалы. Людзі, якіх некаторыя называюць “кашалькамі” рэжыму, насамрэч ня менш паднявольныя, чым усе астатнія ў краіне, і ў кожную хвіліну іх можна замяніць іншымі. Магчыма, таму Пефціеў імкнецца парваць сваю сувязь зь Беларусьсю і таму шукае магчымасьці іншых шляхоў разьвіцьця свайго бізнэсу.

С. Чалы: Кропкавыя санкцыі супраць гэтак званых “кашалькоў” рэжыму маюць істотны недахоп – яны сьведчаць пра незразуменьне нашай эканамічнай сыстэмы. Гэтыя людзі часта выпадковыя на сваіх пазыцыях. Ніякія яны не алігархі, што самі цудоўна разумеюць. Гэта хутчэй эканомы, чым уладальнікі. Сёньня яны маюць нейкую маёмасьць, а заўтра іх можа забраць КДБ у наручніках прама з кабінэту. Сумнеўная пазыцыя. Што датычыць Пефціева, ён стараецца выйсьці з гэтых праектаў, прадаць або перапісаць уласнасьць на іншых асобаў. Відавочна, ён дастаткова ўжо “наеўся” й стараецца палепшыць сваю рэпутацыю, а дзеля гэтага спрабуе ўвогуле парваць свае адносіны з вярхоўнай уладай у Беларусі.

Уладзімер Пефціеў лічыцца адным з самых багатых і ўплывовых людзей у Беларусі. Украінскае выданьне “Дело” ацаніла яго маёмасьць на адзін мільярд даляраў. Заснавальнік і былы кіраўнік кампаніі Белтэхэкспарт, якая займалася гандлем зброяй. У Эўразьвязе лічыцца асобай, блізка зьвязанай з клянам Лукашэнкі й спонсарам яго рэжыму.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт