Logo Polskiego Radia
Print

Кельцэ: выстава абароннай прамысловасьці

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.09.2012 18:56
  • выстава абароннай.mp3
У Кельцах будзе прадстаўленая новая вінтоўка (MSBS 5,56) для Войска Польскага.

/

Цягам бліжэйшага тыдня на 25 тысячах квадратных мэтраў выставачнага цэнтру свае прапановы прэзэнтуе каля 400 выстаўцоў з усяго сьвету. Арганізатары лічаць, што мерапрыемства наведае каля 13 тысячаў гасьцей.

Цягам чатырох дзён на тэрыторыі выставачнага цэнтру ў горадзе Кельцэ сваю вайсковую прапанову пакажуць вытворцы з 27 краінаў сьвету, між іншым, з Польшчы, Італіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Гішпаніі, Фінляндыі, Бэльгіі, Францыі, Бразыліі, Даніі, Ізраіля, Расеі, ЗША й Паўднёвай Карэі.

Падчас кірмашу, „BUMAR” - найбуйнейшая кампанія ваеннай прамысловасьці ў Польшчы, прэзэнтуе праект комплекснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны з элемэнтамі абароны ад балістычных ракетаў „Polski Szczyt”.

Тым ня менш, як падкрэсьлівае Эдыта Жэмла з выданьня „Polska Zbrojna”, польскі бок на выставе будзе ня толькі прэзэнтаваць сваю вайсковую тэхніку, але, перш за ўсё, шукаць цікавыя ідэі.

Эдыта Жэмла: Польскія вайскоўцы будуць пераважна прыглядацца да сусьветных тэхналёгіяў у галіне абароннай прамысловасьці, паколькі польская армія знаходзіцца на этапе неабходнай мадэрнізацыі. З сусьветнымі рашэньнямі варта пазнаёміцца, таксама з сыстэмай супрацьракетнай абароны. Палякі павінны сачыць за сусьветнымі тэндэнцыямі, каб іх сыстэма адпавядала стандартам NATO, а ў будучыні таксама тэхнічным патрабаваньням супрацьракетнага шчыта ЗША.

Гэткае буйное мерапрыемства, якім зьяўляецца выстава ў горадзе Кельцэ, дазваляе пазнаёміцца з сусьветнымі тэндэнцыямі, - кажа Эдыта Жэмла.

Эдыта Жэмла: Нейкі час таму праект супрацьракетнага шчыта прадставіла польская фірма „BUMAR”. Яна прапанавала стварыць сыстэму на аснове сваіх радараў. Тады ідэя абапіралася на францускія ракеты. Цяпер таксама гаворка ідзе пра магчымае супрацоўніцтва польскай абароннай прамысловасьці з францускімі й нямецкімі фірмамі. Тым ня менш, трэба выбраць найлепшую сыстэму. Таму на выставе вытворцы такой тэхнікі могуць прадстаўляць сваю прадукцыю й змагацца за ўвагу польскіх ўладаў, якія будуць прымаць рашэньне наконт сыстэмы для Польшчы.

Падчас сёлетняй экспазыцыі будзе прадстаўленая новая вінтоўка (MSBS 5,56) для Войска Польскага, распрацаваная на заводзе кампаніі „BUMAR” у Радаме. Госьці выставы змогуць пазнаёміцца таксама з абсталяваньнем польскага жаўнера, - кажа журналістка.

Эдыта Жэмла: Варта зьвярнуць увагу на ўсе элемэнты, зьвязаныя з праграмай „Тытан”. Праграма „Тытан” - гэта праграма індывідуальнага абсталяваньня жаўнера рознымі элемэнтамі, ня толькі зброяй. Гаворка ідзе пра вопратку, мундзір, абутак, вінтоўку, сэнсары, сыстэмы сувязі з камандаваньнем. Спадзяюся, што вінтоўка з Радама будзе гітом выставы. Цяпер праходзяць дыскусіі наконт таго, ці не павінна кампанія яе дапрацаваць.

У кірмашы ўдзельнічае каля 400 выстаўцоў з усяго сьвету. Што цікавага, асабліва з пункту гледжаньня польскага боку, яны пакажуць?

Эдыта Жэмла: Паколькі неўзабаве ў Польшчы стартуе тэндэр на верталёты для польскай арміі, варта паглядзець на прапановы ўсіх фірмаў, якія іх прадукуюць. Гаворка ідзе, напрыклад, пра сусьветных лідараў, то бок фірмы амэрыканцаў і італьянцаў. Усе яны будуць прэзэнтаваць свае машыны на кірмашы й будуць імкнуцца пераканаць польскі бок да сваіх прадуктаў.

Падчас сёлетняга кірмашу ў Кельцах упершыню арганізаваная супольная выстава польскіх узброеных сілаў РП пад лёзунгам: „Жаўнер сёньня й заўтра”. Экспазыцыя прадстаўляе сучасную тэхніку ў розных сілах польскай арміі. Усё ж, паводле Эдыты Жэмлы, палякі адстаюць на фоне іншых краінаў. Асабліва калі гаворка ідзе пра інвэстыцыі ў сучасныя тэхналёгіі й пазыцыю на сусьветным рынку.

Эдыта Жэмла: На жаль польская ваенная прамысловасьць не выпадае найлепш на фоне сусьветных лідараў. Буйныя замежныя фірмы аб’ядноўваюць сваю вытворчасьць. Польскія фірмы невялікія ды ня маюць большага значэньня на сусьветным рынку. Нават польскі лідар - фірма „BUMAR”, ня дае сабе рады на сусьветным рынку. Фірме не ўдаецца заваяваць буйнога замежнага кантракту, які загарантаваў бы ёй адпаведныя даходы. Кантракты спыняюцца нават з такімі краінамі, як Індыя, Малазія, Індэнэзія. Тым ня менш, палякі маюць выдатныя вынаходніцтвы, якіх на жаль ня могуць рэалізаваць з-за адсутнасьці дастатковых грошай і рашучасьці.

- падсумавала Эдыта Жэмла з выданьня „Polska Zbrojna”.

Нагадаем XX Міжнароднaя выстава абароннай прамысловасьці ў Кельцах - гэта адно з найбуйнейшых гэткага роду мерапрыемстваў у Эўропе.

Сёлета сваю адмысловую прэзэнтацыю вайсковай тэхнікі падчас кірмашу паказвае Італія. Раней падобныя выставы арганізавалі Ізраіль, Нямеччына, Швэцыя, Францыя, Вялікабрытанія й ЗША.

Мерапрыемства наведае прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ды каля 150 урадавых і дыпляматычных дэлегацыяў розных краінаў.

як/аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт