Logo Polskiego Radia
Print

Дзень Польскай падпольнай дзяржавы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.09.2012 16:55
  • падпольнай дзяржавы.mp3
У гэты дзень у 1939 годзе ў акупаванай гітлераўцамі Варшаве была створана Польская служба перамогі.

/

27 верасьня палякі адзначаюць Дзень Польскай падпольнай дзяржавы. У гэты дзень у 1939 годзе ў акупаванай гітлераўцамі Варшаве была створана Польская служба перамогі. Гэта была першая падпольная незалежніцкая арганізацыя, якая стала падмуркам дзяржаўных структураў у акупаванай Польшчы ды падлягала Ўраду РП у эміграцыі.

Польскую службу перамогі стварыў генэрал Міхал Карашэвіч-Такажэўскі, адмысловы ўпаўнаважаны галоўнакамандуючага Польскіх ўзброеных сіл.

Успамінаючы тагачасныя падзеі ў эфіры Радыё Свабодная Эўропа ў 1963 годзе, генэрал Карашэвіч-Такажэўскі падкрэсьліваў, што ён згадзіўся выканаць гэтую складаную місію пасьля размовы з генэралам Юліюш Румэлем - камандуючым абаронай Варшавы.

Міхал Карашэвіч-Такажэўскі: Яшчэ да таго, калі генэрал Румэль прыняў капітуляцыю, я паведаміў яму пра гатоўнасьць арганізаваць узброены супраціў супраць акупантаў і пачаць адкрытыя баявыя дзеяньні, калі на гэта толькі дазволіць агульная сытуацыя. Я пераконваў генэрала, што гэта ня толькі наш абавязак у дачыненьні да Польшчы, але таксама дзеяньне, якое можа закончыцца посьпехам.

Ствараючы арганізацыйныя структуры падпольля генэрал Такажэўскі распрацаваў уласны плян, які ахопліваў тэрыторыю ўсёй акупаванай Польшчы.

Міхал Карашэвіч-Такажэўскі: Тэрытарыяльны падзел падпольнай дзяржавы адпавядаў ранейшым ваяводзтвам са сталічнай акругай на чале. Далей былі паветы, а ў іх рамках узводы, якія можна было б спалучаць у роты. Мы распачалі таксама разьведвальную працу й арганізавалі службу бясьпекі.

Важную ролю ў стварэньні падпольнай дзяржавы выконвала Армія Краёва й падпольны парлямэнт, то бок Рада нацыянальнага адзінства й Прадстаўніцтва ўраду ў краіне. Да кансьпірацыйнай працы далучаліся таксама маладыя людзі са скаўцкага руху „Шэрыя шэрагі” („Szare Szeregi”).

Былы скаўт Веслаў Арлеанскі падкрэсьлівае, што тады польская моладзь лічыла гэта сваім абавязкам.

Веслаў Арлеанскі: Не было прымусу, мы самі ахвотна ўступалі ў скаўцкую арганізацыю. Ніхто нас не прымушаў. Сказалі нам: «засноўваем арганізацыю», - ды ўсе ўступілі ў ейныя рады. Нас гэтак выхоўвалі. Таму мы лічылі, што наш абавязак - далучыцца да кансьпірацыі й змагацца за Польшчу.

Польская падпольная дзяржава стварыла ўласную сыстэму адукацыі, дзяржаўных служачых і ўзброеныя сілы. Падчас акупацыі выдаваліся кніжкі, працавалі нелегальныя ўнівэрсытэты, была арганізаваная сацыяльная дапамога.

Толькі на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту ў кансьпірацыйных умовах вучылася каля 350 студэнтаў.
Адзін з тагачасных падпольных студэнтаў Ежы Краўзэ з батальёна „Вяпрук” такім чынам успамінае сваю вучобу.

Ежы Краўзэ: Дзейнічалі вучэльні. Я асабіста наведваў Гарадзкую гандлёвую школу. У ёй працавалі выкладчыкі Вышэйшай гандлёвай школы. На самой справе пад выглядам гэтай афіцыйнай школы вы вучыліся ў Вышэйшай гандлёвай школе, якая зьмяшчалася на Смольнай вуліцы ў Варшаве.

Рышард Зялінскі - чалец варшаўскага паўстанцкага батальёна, „Мілаш", з гонарам падкрэсьлівае, што гэта падпольная армія арганізавала паўстаньне ў 1944 годзе.

Рышард Зялінскі: Існаваньне падпольнай дзяржавы азначала, што палякі былі арганізаваныя, што яны не дазволілі гітлераўцам адчуваць сябе свабодна. Тагачасныя маладыя людзі шмат чым ахвяравалі. Аднак нягледзячы на тое, што Польшча была пад акупацыяй, мы не дапусьцілі да таго, што гітлераўцы нас зьняволілі.

- успамінае былы паўстанец Рышард Зялінскі.

Дзень Польскай падпольнай дзяржавы адзначаецца з 1998 года. Ён быў устаноўлены паводле рашэньня польскага Сэйму ды па просьбе чальцоў тагачаснай правай партыі „Выбарчая акцыя салідарнасьць”.

У сваёй рэзалюцыі дэпутаты Сэйму падкрэсьлівалі, што парлямэнт „выказвае асаблівую падзяку й пашану стваральнікам і актывістам падпольных дзяржаўных структураў, а таксама ўсім, хто ў надзвычай складаных умовах ды ахвяруючы жыцьцём змагаўся за незалежнасьць Айчыны”.

аз



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт