Logo Polskiego Radia
Print

Ці часта беларусы просяць палітычнага прытулку за мяжой?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.10.2012 20:22
  • Ці часта беларусы просяць палітычнага прытулку за мяжой.mp3
Выдаць сябе за ахвяру перасьледу й апазыцыянэра, аказваецца, ня так проста.

У пятніцу віленскі суд задаволіў скаргу былога сяржанта роты глыбіннай выведкі Сьцяпана Захарчанкі. Дэпартамэнт па міграцыі, які адмовіў беларусу ў статусе ўцекача, павінен перагледзець яго справу. Сяржант сьцьвярджае, што дэзэртаваць і папрасіць прытулку ў Летуве яго прымусілі пагрозы й пабоі афіцэраў, у тым ліку па палітычных матывах. Ці мае сяржант права на прытулак і ці часта беларусы просяць статус уцекача, ня маючы на гэта падставаў?

Сьцяпан Захарчанка кажа, што яму пагражалі расправай за адмову пісьмова згадзіцца страляць ва ўдзельнікаў магчымых акцыяў пратэсту. Справа беглага вайскоўца зьяўляецца неадназначнай. Міграцыйная служба адмовіла яму ў статусе ўцекача пасьля таго, як хлопец спрабаваў выехаць у Нарвэгію.

Суд загадаў дэпартамэнту па міграцыі Летувы перагледзець справу Захарчанкі, бо летувіскія міграцыйныя службы не зьвярнуліся да беларускіх праваабаронцаў, каб высьветліць, што з хлопцам можа здарыцца ў выпадку вяртаньня ў Беларусь і наколькі абгрунтаваныя словы сяржанта пра запалохваньні па палітычных матывах.

Былы сяржант ніколі ня быў зьвязаны з апазыцыяй, аднак ён мае шанцы атрымаць статус уцекача. Падставай для гэтага зьяўляюцца не мінулыя заслугі, а рэальная пагроза жыцьцю, здароўю ці свабодзе – кажа супрацоўнік летувіскага Фонду садзейнічаньня абароне грамадзянаў Стасіс Каўшыніс.

Фота:
Фота: kurierwilenski.lt

С. Каўшыніс: У яго ня будзе магчымасьці стаць перад незалежным і справядлівым судом, таму што ў Беларусі няма справядлівых і незалежных судоў у тых справах, якія маюць палітычнае адценьне. Яго свабода і здароўе знаходзяцца пад пагрозай. Мы ведаем, якія ўмовы ў беларускіх сьледчых ізалятарах і месцах пазбаўленьня волі. Мы ведаем, якім катаваньням падвяргаліся ўдзельнікі мірных пратэстаў пасьля імітацыі выбараў 2010 году. А тут мы маем справу з салдатам. Няма ніякіх падставаў спадзявацца, што да яго паставяцца гуманна.

Ці часта беларусы просяць палітычнага прытулку за мяжой? Не - кажа сябра Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. За год замежныя міграцыйныя службы высылаюць да беларускіх праваабаронцаў ўсяго каля 20 запытаў з просьбай спраўдзіць, ці зьяўляецца тая ці іншая асоба ахвярай перасьледу. І толькі ў некалькіх выпадках гэтая інфармацыя пацьвярджаецца, кажа Алег Гулак.

/

А. Гулак: Людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй нямала, але праблемы, дзякуй Богу, здараюцца не так часта. Людзі, якія сапраўды прысьвячаюць жыцьцё сваёй Радзіме, вымушаныя пакідаць яе вельмі рэдка. А калі казаць пра звычайных эмігрантаў – мне даводзілася бачыць сфабрыкаваныя павесткі, падробленыя дакумэнты зь міліцыі, падробленыя прысуды...

У Летуве беларусы просяць палітычнага прытулку рэдка, кажа Стасіс Каўшыніс. Выдаць сябе за апазыцыянэра не так проста, як падаецца, бо гэтую інфармацыю лёгка спраўдзіць – кажа праваабаронца.

С. Каўшыніс: Нам вядомыя апазыцыйныя арганізацыі, іх каардынатары. Вельмі лёгка даведацца, ці зьяўляецца той ці іншы чалавек сябрам нейкай арганізацыі, ці ўдзельнічаў ён у той ці іншай акцыі. Эканамічныя мігранты нават не спрабуюць выдаць сябе за апазыцыянэраў. Ім нашмат выгадней шукаць іншыя падставы знаходжаньня за межамі Беларусі. Яны ня хочуць нажываць сабе праблемаў, трапляючы ў поле ўвагі КДБ, і заўсёды захоўваюць мажлівасьць спакойна вярнуцца дадому.

Даволі часта эканамічныя мігранты зь Беларусі спрабуюць атрымаць статус палітуцекача ў Польшчы. Зарплаты тут вышэйшыя, да таго ж, адчыняецца мажлівасьць выехаць у багацейшыя краіны – Францыю ці Нямеччыну. Аднак у тых, хто выдае сябе за ахвяраў перасьледу, шанцаў атрымаць палітычны прытулак практычна няма, каж сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

/

А. Зарэмбюк: Людзей, якія выехалі па эканамічных прычынах, адразу бачна. Яны часта ня ведаюць нават палітычных партыяў, якія існуюць у Беларусі. На размову яны прыходзяць настолькі непадрыхтаваныя, што зьдзіўляюцца элемэнтарным пытаньням, якія ім задаюць. А зьвесткі пра людзей, якія сапраўды вялі актыўную дзейнасьць, можна лёгка знайсьці нават у Інтэрнэце.

Міграцыйныя службы Польшчы, Летувы й Чэхіі некалькі гадоў падрабязна спраўджваюць інфармацыю пра асобу, якая папрасіла прытулак па палітычных прычынах, кажа Алесь Зарэмбюк.

А. Зарэмбюк: Мы маем добрыя кантакты з дыяспарамі ў Чэхіі, Бэльгіі ці Летуве. Ва ўсіх гэтых краінах справы разглядаюцца вельмі доўга. У Польшчы нават асобы, вядомыя сваёй дзейнасьцю, часам маюць праблемы з атрыманьнем статусу ўцекача. Міграцыйныя службы правяраюць усе зьвесткі. Я нават чуў пра выпадкі, калі прадстаўнікі краінаў, дзе ўцекачы прасілі прытулку, прыяжджалі ў Беларусь і на месцы распытвалі людзей. Пазьней на падставе сабраных дадзеных яны прымалі рашэньне: даць прытулак ці адмовіць.

Такім чынам, беспадстаўна атрымаць палітычны прытулак альбо статус уцекача ў Польшчы, Летуве ці Чэхіі складана. Праблемы з гэтым маюць нават даволі вядомыя ўцекачы, такія як былы сьледчы з Жодзіна Андрэй Пыжык. Эканамічныя мігранты стараюцца затрымацца ў гэтых краінах іншымі спосабамі. Аднак міграцыйныя службы больш далёкіх краінаў, напрыклад Нямеччыны ці ЗША, ня ў стане спраўдзіць біяграфію чалавека так, як гэта робяць іх польскія ці летувісткія калегі. Таму шанцы атрымаць падманам статус уцекача ў гэтых краінах існуюць, мяркуе Алесь Зарэмбюк.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт