Logo Polskiego Radia
Print

Зьмены на палітычнай сцэне Польшчы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.11.2012 14:14
  • Зьмены на палітычнай сцэне Польшчы.mp3
Польскую сялянскую партыю (PSL) узначаліў Януш Пехаціньскі. Ці акрамя зьменаў на партыйных пасадах Польшчу чакаюць зьмены ва ўрадзе?

/


Польскую сялянскую партыю (PSL) узначаліў новы старшыня. Ім стаў Януш Пехаціньскі. З пасады старшыні партыі сышоў віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Вальдэмар Паўляк. Польская сялянская партыя разам з партыяй Грамадзянская плятформа ўтвараюць кааліцыю. Ці акрамя зьменаў на партыйных пасадах Польшчу чакаюць зьмены ва ўрадзе?

Падчас галасаваньня Януш Пехаціньскі атрымаў на 17 галасоў больш, чым Вальдэмар Паўляк. За новага кіраўніка прагаласавала 547 дэлегатаў, за папярэдняга – 530.

Новы старшыня PSL адразу актыўна ўзяўся за працу. На пачатку ён сустрэўся зь кіраўніком Галоўнай рады партыі Яраславам Каліноўскім. На гэтым тыдні сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам, каб паразмаўляць найперш пра склад ураду, паколькі віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Вальдэмар Паўляк заявіў, што падасьць у адстаўку.

Новы старшыня партыі адзначае, што ва ўрад не зьбіраецца й будзе пераконваць Вальдэмара Паўляка застацца на сваіх пасадах. Януш Пехаціньскі тлумачыць, што ўрад у цяперашнім складзе павінен працаваць прынамсі да завяршэньня перамоваў па справе зьвязаўскага бюджэту.

Я. Пехаціньскі: З боку Польскай сялянскай партыі ня будзе прапановаў аб зьмене міністраў, і ня толькі з увагі на задачы, якія стаяць перад імі. Паводле мяне, урад знаходзіцца ў выключнай сытуацыі – гэта перамовы аб бюджэце ЭЗ, антыкрызысны пакет. Трэба думаць з выключнай сур’ёзнасьцю аб тым, што адбываецца на поўдні Эўропы, пра памеры страйкаў, рэцэсію эўрапейскіх эканомік.

Прэс-сакратар ураду Павал Грась заклікае не займацца спэкуляцыямі, а пачакаць канкрэтных прапоноваў з боку PSL. Павал Грась запэўнівае, што кааліцыя напэўна захаваецца. “Цягам 5 гадоў нам удавалася вырашаць разнастайныя праблемы”, - адзначае прэс-сакратар.

П. Грась: Гэта нармальна, што ў партнэраў кааліцыі бываюць розныя погляды на справы, якімі займаецца ўрад. Але цягам 5 гадоў удавалася будаваць кампраміс, перамагаць усе праблемы. Думаю, што так будзе й надалей, я б не чакаў вялікай рэвалюцыі. Малітвы тых, хто хоча сьмерці гэтай кааліцыі, ці разьлічвае гэтую пэрсанальную зьмену выкарыстаць для паслабленьня кааліцыі, ня будуць пачутыя.

У самой партыі меркаваньні на тэму складу ўрада падзеленыя. Ганаровы старшыня PSL Юзаф Зых мяркуе, што Вальдэмар Паўляк не павінен абражацца й заканчваць сваю працу ва ўрадзе.

Ю. Зых: Паўляк ня можа казаць: няхай Пехаціньскі бярэцца за працу, бо надалей зьяўляецца чальцом урада, ён будаваў гэтую партыю, шмат зрабіў для яе й дзяржавы. Крыўды ня маюць сэнсу ды адмоўна паўплаваюць на Польшчу й на PSL.

Аднак пераважная большасьць палітыкаў з кіроўнай кааліцыі перакананая, што Вальдэмар Паўляк не памяняе свайго рашэньня, а прэм’ер Туск прыме гэтую адстаўку. Рашэньні па гэтай справе будуць вядомыя ў бліжэйшым часе.

Зьмены кіраўніцтва ў партыі камэнтуюць палітолягі. Яны адзначаюць, што ёсьць некалькі прычын паразы Вальдэмара Паўляка. Найчасьцей гаворыцца пра занядбаньні былога лідара. Так, між іншым, мяркуе Ваўжынец Канарскі. Палітоляг перакананы, што цяпер у партыі пачнуцца глыбейшыя перамены.

В. Канарскі: PSL мае дасканалых тэрытарыяльных дзеячаў, мае моцныя ўплывы ў самакіраваньнях, таму мае ўсе падставы, каб існаваць як моцная партыя. Напэўна, можа быць значна мацнейшай партыяй, чым цяпер. І гэта віна Паўляка.

Рафал Хвэдорук называе некалькі прычын паразы Паўляка. Самыя галоўныя зь іх – гэта трываючы эканамічны крызыс, які закранае найбяднейшых, а значыць электарат партыі. Другая важная прычына – гэта нядаўні скандал у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, якім таксама кіруе PSL. Паводле палітоляга, былога старшыню партыі чакае барацьба за палітычнае існаваньне.

Р. Хвэдорук: У такой драматычнай сытуацыі лідар сялянскай партыі яшчэ ніколі ня быў. Нават у моманты, калі кіраўніцтва партыяй трэба было перадаваць іншым калегам.

Палітоляг Януш Майхэрак адзначае, што Януш Пехаціньскі можа заняць месца ва ўрадзе. Эспэрт мяркуе, што новы старшыня можа быць значна лягчэйшым суразмоўцам для кааліцыйнай Грамадзянскай плятформы, чым Валдэмар Паўляк, асабліва падчас перамоваў аб новым бюджэце ЭЗ.

Я. Майхэрак: Пехаціньскі ў меншай ступені, чым Паўляк, прывязаны да фэрмэрскага электарату. У сувязі з гэтым, напэўна, лягчэй прыняў бы магчымыя абмежаваньні ў фінансаваньні польскіх фэрмэраў.

Ужо ў бліжэйшым часе будзе вядома, ці й як памяняецца палітычная сцэна ў Польшчы. Польская сялянская партыя ўзначальвае тры ведамствы – Міністэрства эканомікі, сельскай гаспадаркі ды працы.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт