Logo Polskiego Radia
Print

Раство паводле старога стылю

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.01.2013 14:33
  • Раство паводле старога стылю.mp3
У Польшчы многія сем’і сьвяткуюць двойчы - найперш паводле новага, а потым старога стылю.

/

Вернікі рэлігій усходніх абрадаў сёньня сьвяткуюць Раство Хрыстова. У Польшчы праваслаўныя й грэка-каталікі паводле старога стылю сьвяткуюць пераважна на ўсходзе й поўдні краіны, дзе канцэнтруецца найбольшая колькасьць праваслаўных і грэка-каталікоў ды жывуць беларуская ды ўкраінская меншасьці.

У практыцы аднак атрымліваецца, што многія сем’і сьвяткуюць двойчы – найперш паводле новага, а потым старога стылю. Так адбываецца ў Марты й Пётра Баравікоў зь Беластоку.

Пётр: Ёсьць, напрыклад, такі плюс – у нас ніколі няма праблемы, да якіх бацькоў нам ехаць – да маіх ці жонкі. І ў гэтым напэўна плюс двайнога сьвяткаваньня.

Марта: Для мяне гэта таксама азначае падвойныя абавязкі. Трэба гатаваць двойчы. Але агулам ёсьць больш пазытыўных, чым нэгатыўных момантаў.

На Падкарпацьці, дзе жывуць палякі і ўкраінцы Каляды сьвяткавалася заўсёды разам – на пачату па грыгарыянскім календары, а потым юльянскім, падкрэсьлівае Анна Грыцына з Жэшава.

А. Грыцына: Хачу падзякаваць сваім бацькам за тое, што яны выхавалі мяне ў талерантнасьці. У нашым доме ніколі не было варожасьці да іншай нацыі, хоць жылося цяжка. Я старалася навучыць гэтаму маіх дзяцей і сама так жыву – з любоўю да іншых.

Наш калега з Украінскай рэдакцыі Ігар Ісаеў адзначае, што традыцыя сьвяткаваньня залежыць ад рэгіёну Польшчы, у якім жывуць украінцы.

І. Ісаеў: У Польшчы некалькі ўкраінскіх рэгіёнаў. Гэта Лэмкаўшчыны на поўдні Польшчы каля мяжы са Славакіяй, Падляшша й Надсяньня на мяжы з Украінаю. Традыцыі вельмі розныя, але мне самыя блізкія звычаі лэмкаў. Спэцыфічным зьяўляецца тое, што сьвяточны стол пачынаецца не з куці, а з неабранага часныка, які некаторыя запіваюць гарэлкай. Часнык таксама кладуць пад сьвяточны абрус і гэта сымбаль багацьця.

Цягам усіх сьвятаў – ад Раства да Вадохрышча - украінцы ходзяць з гэтак званымі вэртэпамі (народнымі тэатрамі). У іх прадстаўляюцца ня толькі калядныя тэмы. Акрамя традыцыйных волхваў абавязковая прысутнасьць жыда, цыгана й маскаля. Названыя пэрсанажы дазваляюць сабе на шмат больш, чым іншыя. Яны могуць бегаць па дому, браць што захочуць. Таму напярэдадні каштоўныя рэчы хаваюцца.

Вельмі часта сем’і мешаныя. Таму ўкраінцы сьвяткуюць вельмі доўга. Пачынаюць 25 сьнежня, а заканчваюць як мінімум 19 студзеня.

У Падляскім ваяводзтве ў большасьці школаў у першы дзень сьвятаў няма ўрокаў. Зачынена таксама частка дзяржаўных установаў. Менавіта ў Падляскім ваяводзтве жыве найбольшая колькасьць праваслаўных палякаў. Лічыцца, што тут жыве палова з 550-600 тысяч праваслаўных вернікаў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт