Logo Polskiego Radia
Print

Падарунак лекару - гэта дар ад шчырага сэрца

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.01.2013 14:58
„Rzeczpospolita” публікуе інтэрвію з доктарам гінэколягам-акушэрам, дырэктарам шпіталя імя Сьвятой сям’і ў Варшаве Богданам Хазанам.

Размова датычыцца сувэніраў, якія дараць мэдыкам удзячныя пацыенты. Інтэрвію зьвязанае са справай іншага доктара, якога на днях асудзілі за хабар.

Чаму пацыенты дараць сувэніры?

Б.Хазан: Калі справа складаная, то доктар шмат разоў сустракаецца з пацыентам і паміж імі ўзьнікаюць вельмі блізкія адносіны. Зразумела, што пэўных бар’ераў лекар не павінен пераходзіць, але заангажаванасьць у працэс лячэньня не зьяўляецца нічым дрэнным. Потым пацыент хоча выказаць сваю радасьць, удзячнасьць і дае доктару кветкі альбо шакаладкі. Я не лічу гэта дрэнным. Важна, каб у дадзеным шпіталі не ствараўся клімат прымусу, што трэба адудзячыць доктару.

Ці грошы могуць быць доказам удзячнасьці пацыента?

Б.Хазан: Абсалютна не. Гэта звычайны хабар. Магчымы толькі адзін узор паводзін лекара, калі пацыент дае грошы: прапанаваць унесьці ахвяраваньне на рахунак шпіталя. Хабарам я лічу таксама дарагія падарункі.

У вашай бальніцы дазволеныя сувэніры?

Б.Хазан: Яшчэ няма афіцыйнага распараджэньня аб забароне сувэніраў. Але мае падначаленыя ведаюць, што прымаць грошы катэгарычна недапушчальна й што за гэта я неадкладна звальняю з пасады. Я лічу, што кіраўніцтва шпіталя стварае звычаі мэдычнага пэрсаналу.

Маладыя лекары скажуць, што вам проста мець такі падыход да сувэніраў, бо на высокай пасадзе, нажыліся, а іншыя ледзь зьвязваюць канцы з канцамі.

Б.Хазан: Гэтак было у часы ПНР. Тагачасныя ўлады адкрыта казалі, што мэдыцынская служба мала зарабляе, але яны й так падзарабляюць. У сваю чаргу лекары думалі, што калі ўлада такім чынам ставіцца да іх, то ў іх поўнае маральнае права браць падарункі ад пацыентаў. Але зараз лекары зарабляюць добра й такое мысьленьне не на месцы.

яс/Rzeczpospolita

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт