Logo Polskiego Radia
Print

Краіны Балтыі: ад рубля да эўра

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.02.2013 14:56
Былыя прыбалтыйскія рэспублікі СССР сёньня далёка адышлі ад постсавецкай прасторы.

/

У 2004 годзе яны сталі сябрамі ЭЗ. Латвія й Летува рыхтуюцца да пераходу на эўра. Эстонія вось ужо 2 гады карыстаецца адзінай валютай.

На днях латышскія дэпутаты зацьвердзілі падрыхтаваны ўрадам плян пераходу на эўра. Гэта дазваляе латышскаму ўраду зьвярнуцца да Эўрапейскай Камісіі й Эўрапейскага цэнтральнага банку са зваротам прыняць Латвію ў эўразону. Эўрапейскія ўстановы прымуць рашэньне ў палове бягучага году. Калі вэрдыкт будзе пазытыўны, Латвія перайдзе на эўра з 1-га студзеня 2014-га году.
Зь іншага боку, сацапытаньні паказваюць, што большасьць латышоў супраць пераходу на адзіную эўрапейскую валюту. Жыхары гэтай краіны баяцца, што прыняцьцё эўра яшчэ больш пагоршыць эканамічную сытуацыю Латвіі, якая ў 2008-2009 гг.. перажыла глыбокі крызыс. Урад краіны на чале з прэм’ерам Вальдысам Дамброўскісам пераконваюць, што эўра дазволіць Латвіі павысіць фінансавую стабільнасьць, заахвоціць інвэстараў й зьменшыць небясьпеку абвалу латышскай валюты ў выніку спэкуляцый.

Ці эўра нясе больш карысьці ці небясьпекі — можна прааналізаваць на выпадку Эстоніі. Гэтая балтыйская краіна вось ужо два гады карыстаецца адзінай эўрапейскай валютай. Вынікі гэтага рашэньня пракамэнтаваў Польскаму радыё намесьнік кіраўніка эстонскай Дыпляматычнай акадэміі Вахур Мадэ. Як эстонцы ўспрынялі прыняцьцё эўра?

Вахур Мадэ: Пераход з нацыянальнай эстонскай валюты на эўра прайшло спакойна, дзякуючы добрай арганізацыі. Нейкіх асаблівых клопатаў мы не заўважылі. Цягам першых двух тыдняў студзеня 2011-га мы карысталіся дзьвюма валютамі. Гэта быў час, каб людзі прызвычаіліся да новай валюты. За гэты час не было ніякіх праблемаў ані з абаротам грошай, ані з фінансавымі апэрацыямі.

Не было пратэстаў, сумневаў, крытыкі? У іншых краінах ЭЗ, якія перайшлі на эўра, людзі былі незадаволеныя тым, што разам з эўра вырасьлі цэны, а іх пакупніцкая здольнасьць зьменшылася.

Вахур Мадэ: Адзін з галоўных момантаў, на якія зьвярталі ўвагу СМІ, а людзі адчувалі на ўласнай скуры – была інфляцыя. Паводле дадзеных Эўрастату, летась у Эстоніі інфляцыя была адной з вышэйшых у эўразоне – 4,5%. Цяпер узровень інфляцыі зьменшыўся да 3,1%. Аднак гэта й так больш, чым сярэдні паказьнік інфляцыі ў эўразоне, які складае каля 2%.

Грамадзтва была згоднае у пытаньні пераходу на эўра?

Вахур Мадэ: Адназначнага стаўленьня не было. Гучалі вельмі эмацыйныя галасы, сваеасаблівая настальгія за старым добрым часам эстонскай кароны, калі ўсё было таньней. Што тычыцца інфляцыі, то яна вырасла ня столькі з-за пераходу на эўра, гэта былі рэгіянальныя працэсы. У Польшчы ды Чэхіі інфляцыя таксама была каля 4%. Урэшце нават нашая апазыцыя пагадзілася з пераходам на эўра. Палітыкаў супакойваў той факт, што разам з эўра Эстонія мацней зьвязалася з Эўрапейскім мэханізмам фінансавай бясьпекі й атрымала дадатковыя гарантыі стабільнасьці. Таму няма чаго баяцца пераходу на эўра. Гэта дадатковая гарантыя нацыянальнай бясьпекі ды фінансавай стабільнасьці. У нас больш увагі засяроджвалі на абмеркаваньні шляхоў выхаду з крызысу ды ратаваньня эўра. Апроч таго, ішла дыскусія канстытуцыйнага характару, ці Эстонія павінна браць на сябе большыя абавязацельствы ў рамках ЭЗ. Эстонскае грамадзтва скарыстала на гэтым, бо шырока абмяркоўваліся пытаньні эўрапейскай інтэграцыі, фінансавай будучыні Эўразьвязу.

Ці эстонцы пераканаліся ў патрэбе эўра й пагадзіліся на поўнае далучэньне краіны да Эўрапейскага мэханізму фінансавай стабілізацыі?

Вахур Мадэ: Гэта добра, што Эстонія цяпер мае поўнае права голасу ў працэсе прыняцьця рашэньняў адносна эўразоны. Эстонія —поўнапраўны сябра Эўрапейскага цэнтральнага банку й валютнай супольнасьці. У зьвязку з гэтым, наш пасьпяховы пераход на эўра меў важнае значэньня для ўнутранай палітыкі.

Эстонія першая сярод балтыйскіх краін перайшла на эўра. Цяпер да гэтага кроку рыхтуюцца латышы. Што вы можаце на ўласным досьведзе параіць ім, якія карысьці здабыла Эстонія, пераходзячы на эўра?

Вахур Мадэ: У першую чаргу, гэта той факт, што Эстонія прыцягвае ўсё больш і больш замежных інвэстыцый. Нават нашыя летувіскія ды латышскія партнэры скарадзяцца, што гэта адбываецца іхным коштам, бо інвэстыцыі абмінаюць іх, кіруючыся ў Эстонію. На іхнюю думку, гэта адбываецца з-за далучэньня нас да эўразоны. Я перакананы, што нашая эканоміка моцна зьвязаная зь Фінляндыяй, дзякуючы адзінай валюце. Фіны — найбунейшы інвэстар у нашай краіне, адзіная валюта яшчэ больш паскорыла гэта працэс. Калі зірнуць на тры балтыйскія краіны, дзе толькі Эстонія мае эўра, то інвэстары часта кіруюцца менавіта гэтам фактарам.

Два гады пасьля прыняцьця эўра Эстонія задаволеная гэтым рашэньнем. Краіна стала больш прыцягальнай для інвэстараў. У наступным годзе перайсьці на эўра зьбіраецца яшчэ адна балтыйская краіны — Латвія.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт