Logo Polskiego Radia
Print

Пераемнік Уга Чавэса атрымаў 50,66 прац. галасоў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.04.2013 14:42
  • Нікаляс Мадура.mp3
Энрыке Капрылес Радонскі здабыў 49,07% галасоў выбарцаў. Лідар апазыцыі перакананы, што вынік выбараў фальсыфікаваны.

Nicolas
Nicolas Maduro, foto: PAP/EPA/MIGUEL GUTIERREZ

Нікаляс Мадура стаў новым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Пераемнік Уга Чавэса атрымаў 50,66% галасоў. Энрыке Капрылес Радонскі здабыў 49,07% галасоў выбарцаў. Лідар апазыцыі перакананы, што вынік выбараў фальсыфікаваны.

Вэнэсуэла будзе працягваць запачаткаваную Ўга Чавэсам Баліварыянскую рэвалюцыю. Сам памерлы прэзыдэнт Уга Чавэс называў Нікаляса Мадуру сваім пераемнікам. Ён будзе кіраваць краінаю бліжэйшых шэсьць гадоў.

Задачы, якія перад ім стаяць, гэта рост інфляцыі, самая высокая ў Лацінскай Амэрыцы злачыннасьць, нестабільная палітычная сытуацыя. Яго апанэнт Энрыке Капрылес Радонскі не пагадзіўся з вынікамі выбараў – расказвае карэспандэнтка Польскага радыё ў Вэнэсуэле.

Э. Высоцка: “Гэтыя выбары прайграў урад”, - напісаў лідар апазыцыі ў сацыяльных сетках. Ён паінфармаваў, што Мадура парушыў выбарчае заканадаўства больш за 3 тысячы разоў і нагадаў, што выбарчая камісія на тры гадзіны пазьней агучыла вынікі выбараў. Капрылес запатрабаваў яшчэ раз палічыць галасы. Мадура аспрэчыў гэтыя словы й заявіў, што сапраўдным пераможцам выбараў зьяўляецца Ўга Чавэс.

Дарэчы, абодва прадзеды Капрылеса па мацярынскай лініі — выхадцы з беларускага пасёлку Радунь, Воранаўскага раёну. Яны загінулі ў канцлягеры Трэблінцы. Бацькі Капрылеса эмігравалі ў Вэнэсуэлу, дзе сталі вельмі заможнымі людзьмі.

Новы прэзыдэнт Нікаляс Мадура нарадзіўся ў 1962 годзе ў Каракасе. Працуючы кіроўцам, сваю палітычную кар'еру пачынаў як неафіцыйны сябра прафсаюзу, які прадстаўляў працоўных каракаскага мэтро ў 1970-1980 гадах. Ён лічыцца адным з заснавальнікаў Руху за V рэспубліку, адыграў важную ролю ў вызваленьні Ўга Чавеса й яго прэзыдэнцкай кампаніі ў 1998 годзе.

З 9 жніўня 2006 году займаў пасаду міністра замежных спраў Вэнэсуэлы. У кастрычніку 2012 году стаў віцэ-прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, захаваўшы за сабой пасаду міністра замежных спраў. З 5 сакавіка 2013 году, пасьля сьмерці Ўга Чавэса, выконваў абавязкі прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

Мадура перамог перавагаю 234 тысячы галасоў. Паводле аналітыкаў, такая малая перавага зьяўляецца для новага прэзыдэнта паразаю. У гэтых выбарах «афіцыйна пераможца здаецца быць найбольшым прайграўшым», - ацаніў палітоляг з Масачусэца Хаўер Коралес. «Апазыцыя, якая афіцыйна прайграла, з выбараў выйшла мацнейшай, чым шэсьць месяцаў таму».

На вуліцах прыхільнікі апазыцыйнага кандыдата праяўлялі незадаволенасьць вынікамі выбараў, б'ючы ў патэльні й посуд. У выбарчым штабе Капрылеса многія са сьлязьмі ў вачах і зь недаверам прынялі навіну пра паразу свайго кандыдата.

У сваю чаргу прыхільнікі Мадуры сьвяткавалі перамогу на вуліцах Каракасу й іншых гарадоў. У паветра запускаліся фаервэркі, сыгналілі кіроўцы аўтамабіляў.

Выбарчая яўка ў нядзельным галасаваньні склала 78,7%. У папярэдніх выбарах у кастрычніку мінулага году, калі чарговы раз быў абраны Чавэс, - больш за 80%. Тады Капрылес атрымаў 44,39% галасоў, а пераможца Чавэс – 55,5%.

Урачыстая прысяга новага прэзыдэнта Вэнэсуэлы заплянавана на пятніцу.

Уга Чавэс кіраваў краінаю 14 гадоў. Яго пераемнік будзе вымушаны змагацца з сур'ёзнымі эканамічнымі й грамадзкімі праблемамі – расказвае Эва Высоцка.

Э. Высоцка: Вэнэсуэла мае найбольшыя ў сьвеце радовішчы нафты. Паводле экспэртаў, нават удвая большыя, чым Саўдаўская Арабія. Нягледзячы на гэта, у некаторых рэгіёнах трэба рэгуляваць пастаўкі нафты, а інфляцыя перакрочвае 20% у год. Адной з найбольшых праблем зьяўляецца злачыннасьць – найбольшая з усіх краін Лацінскай Амэрыкі. Заслугай Уга Чавэса было зьмяншэньне амаль на палову бедных рэгіёнаў, якія 10 гадоў таму складалі 75% краіны. Аднак спосабам, пры дапамозе якога адбывалася змаганьне зь беднасьцю, было ўвядзеньне пасобій, а не эканамічнае разьвіцьцё. Таму, паводле экспэртаў, сыстэма Чавэса не спрацавала, а адзіным выйсьцем зьяўляецца ўвядзеньне прынцыпаў рынкавай эканомікі. У адваротным выпадку багатую Вэнэсуэлу чакае крызыс і заняпад.

Нікаляса Мадуру зь пераканаўчай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах павіншаваў Аляксандар Лукашэнка.

"Сёньня ў Беларусі шчыра рады за вас і Вэнэсуэлу. Мы ўсім сэрцам і душой балелі за прадаўжальніка справы вялікага палітыка і XX-XXI стагодзьдзяў - Камандантэ Ўга Чавеса. Выбар, зроблены вэнэсуэльскім народам, сьведчыць аб велізарным даверы й прызнаньні вашых выдатных заслуг у абароне й падтрымцы дзяржаўных інтарэсаў Вэнэсуэлы ", - адзначыў прэзыдэнт Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка запрасіў Нікаляса Мадура наведаць Беларусь з афіцыйным візытам у любы зручны час.

ав/Вікіпэдыя/БелТА

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт