Logo Polskiego Radia
Print

Лацінаамэрыканскі прарыў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2013 15:30
  • Лацінаамэрыканскі прарыў.mp3
За апошнія гады афіцыйны Менск дасягнуў істотных посьехаў у адносінах з Паўднёвай Амэрыкай.

Фота: Беларусь ініцыявала шэраг праектаў ў Вэнэсуэле, вядзе перамовы з Эквадорам, Балівіяй ды Бразыліяй. Якія далейшыя пэрспэктывы беларускай прысутнасьці ў рэгіёне?

Пранікненьне Беларусі ў Паўднёвую Амэрыку пачалося з Кубы. Афіцыйны Менск з другой паловы 1990-ых пачаў актыўныя адносіны зь кіраўніцтвам гэтай дзяржавы ў працяг савецкай палітыкі. Потым, у 2000-ых гадах, дадалася Вэнэсуэла, дзе дзякуючы асабістым адносінам з Уґа Чавэсам, беларусі змаглі пабудаваць сапраўдны „пляцдарм”. Гаворыць палітоляг Андрэй Казакэвіч.

Андрэй Казакевіч: У Беларусі даволі даўно стаіць пытаньне пра тое, што трэба разьвіваць адносіны з Лацінскай Амэрыкі. Адпаведныя спробы прымаліся дастаткова працяглы час. У першую чаргу традыцыйнымі можна назваць стасункі з такімі краінамі, як Куба. Былі спробы выйсьці на ключавыя краіны рэгіёну, перш за ўсё Бразылію. Таксама былі розныя адгалінаваньні, мэтай якіх было знайсьці спэцыяльныя адносіны, пабудаваныя на нейкай ідэалягічнай, часта „антызаходняй” лініі. У гэтым кантэксьце й знаходзіцца вэнэсуэльская сытуацыя.

Ідэалягічная блізасьць беларускіх ды тагачасных вэнэсуэльскіх уладаў прывяла да таго, што пачалася рэалізацыя шэрагу сумесных праектаў. Яны ахапілі нафтаздабычу, будаўніцтва ды машынабудоўлю. Гэта ўнушальны сьпіс. Гаворыць палітоляг Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: Зусім нядаўна скончылася будаўніцтва першай лініі двух важных заводаў. Зборачная вытворчасьць МТЗ і МАЗ-аў у горадзе Барынас. Завяршаецца будўніцтва трэцяга заводу Амкадору. Апроч таго, Беларусь атрымала шмат заказаў, якія пакуль ня выйшлі на такую ступень разьвіцьця. Напрыклад, Беларусь удзельнічае ў будаўніцтве вэнэсуэльска-кітайскага касмадрому ў штаце Араґуя. Таксама Беларусі трапіў вялікі заказ за кітайскія грошы адбудаваць адну з цеплаэлектрастанцый, сумеснае прадпрыемства ў нафтаздабычы й гэтак далей.

Аднак нядаўняя сьмерць Чавэса паставіла пад пытаньне разьвіцьцё далейшых адносінаў. Лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі заяўляў, што ў выпадку ягонай перамогі, гэтыя праекты будуць спыненыя. 14-га красавіка ў Вэнэсуэле адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог стаўленьнік Чавэса. Аднак апазыцыя вынікі апратэставала й краіну чакае пералік галасоў. Хапае там і эканамічных праблем, таму пра пэрспэктывы беларуска-вэнэсуэльскіх адносінаў пакуль рана гаварыць.
У любым выпадку, на гэтым беларускае пранікненьне на кантынэнт не скончыцца. За апошнія гады беларускія ўлады змаглі наладзіць кантакты з іншымі лацінаамэрыканскімі краінамі. Больш падрабязьней тлумачыць палітоляг Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: Галоўны гандлёвы партнэр Беларусі – гэта Бразылія, а не Вэнэсуэла. Туды ідзе больш беларускага экспарту. Ёсьць спадзевы на далейшае разьвіцьцё. Апроч Бразыліі, магчымы прарыў у адносінах з яшчэ дзьвюма краінамі. Адна -- гэта Эквадор. Там ужо падпісаны дамоўленасьці на будаўніцтва сацыяльнага жытла. Яшчэ адна краіна – гэта Балівія. Там, магчыма, усё будзе ісьці па той самай мадэлі, што і ў Вэнэсуэле, пры адной розьніцы, што замест нафты тут будзе газ.

Спробы будаваць адносіны з такімі далёкімі краінамі няраз выклікалі крытычныя заўвагі ў самой Беларусі. Маўляў, навошта лезьці так далёка, лепш нармалізаваць адносіны з суседзямі. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што ў сёньняшнім сьвеце адлегласьць ужо ня грае такой ролі, галоўнае – гэта эфэктыўнасьць. Ці можна назваць беларускія адносіны з краінамі Лацінскай Амэрыкі эфэктыўнымі? Гаворыць Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Сьвет становіцца ўсё меншы й меншы, у зьвязку з разьвіцьцём камунікацыі й ўніфікацыі міжнароднага гандлю. Таму Беларусь мусіць улічваць Лацінскую Амэрыку ў сваёй зьнешнеэканамічнай стратэгіі. Неабходна разьвіваць такія адносіны. Пры гэтым цяжка адназначна ацаніць эфэктыўнасьць гэтай стратэгіі. Пакуль Беларусь не змагла замацавацца на гэтым кантынэнце як індустрыйная краіна. Найбольшы экспарт прыпадае на калійныя ўгнаеньні ў Бразылію. А трэба, каб Беларусь выходзіла на гэтыя рынкі й з высокатэхналягічнай прадукцыяй. Гэта можа быць асноўным крытэрам эфэктыўнасьці.

Эфэктыўнасьць беларускага пранікненьня на лацінаамэрыканскі кантынэнт пакуль цяжка ацаніць. Невядомыя ўсе падрабязнасьці кантрактаў. Нядаўна зьявілася інфармацыя, што Беларусь мае доўг перад Вэнэсуэлай. Аднак, беларускія ўлады вельмі хацелі б застацца на гэтым кантынэнце. Пра што сьведчыць той факт, што афіцыйны Менск адным зь першых павіншаваў Ніколяса Мадура (стаўленьніка Чавэса) зь перамогай на выбарах, якая пакуль не канчатковая.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт