Logo Polskiego Radia
Print

П. Коваль: Польшча будзе вымушаная адрэагаваць

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.04.2013 18:38
  • П. Коваль Польшча будзе вымушаная адрэагаваць.mp3
Расейская авіябаза й 4 дывізіёны С-300 могуць парушыць балянс сілаў у рэгіёне – лічыць эўрадэпутат і польскія вайсковыя экспэрты.
Павал КовальПавал Коваль

Калі заявы расейскага міністра абароны пра стварэньне вайсковай базы ў Беларусі сур’ёзныя, то Польшча будзе вымушана вынесьці пытаньне аб зьмене балянсу сілаў у Цэнтральнай Эўропе на форум NATO. Пра гэта заявіў вядомы польскі эўрадэпутат Павал Коваль. На думку польскіх вайсковых экспэртаў, расейская авіябаза не стварае прамой пагрозы для Польшчы, аднак разьмяшчэньне ракетаў С-300 можа парушыць вайсковую раўнавагу ў рэгіёне.

У аўторак міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што да 2015 года ў Беларусі разьмесьціцца расейскі авіяполк. Першыя зьнішчальнікі павінныя зьявіцца на адным зь беларускіх аэрадромаў ужо ў гэтым годзе. Расея абяцае зрабіць Беларусі яшчэ адзін шчодры вайсковы падарунак – паставіць ажно 4 дывізіёны комплексаў С-300. Гэта больш за 30 пускавых установак. Дагэтуль у Беларусі было толькі 2 дывізіёны С-300.

Расея рыхтуецца зьмяніць расклад сілаў у Цэнтральнай Эўропе, а Польшча будзе вымушана на гэта адрэагаваць – так гэтую падзею камэнтуе вядомы польскі эўрадэпутат Павал Коваль.

П. Коваль: Вывады з гэтай падзеі трэба зрабіць сур’ёзныя. Расейцы лічаць, што стратэгічная сытуацыя ў Беларусі дазволіць ім павялічыць там сваю вайсковую прысутнасьць і зьмяніць расклад сілаў у Цэнтральнай Эўропе. Калі заявы Сяргея Шайгу сур’ёзныя, а не разьлічаныя на прапаганду, то мы будзем вымушаныя вынесьці на абмеркаваньне NATO пытаньне балянсу сілаў у Цэнтральнай Эўропе.

Большасьць экспэртаў ставіцца да навіны стрымана. Разьмяшчэньне ў Беларусі расейскага авіяцыйнага палка не зьяўляецца пагрозай для Польшчы, лічыць аналітык Польскага інстытуту міжнародных стасункаў Анна Дынэр. На яе думку, самалётамі расейскіх ваенна-паветраных сілаў Аляксандар Лукашэнка хоча замяніць зношаны беларускія авіяпарк.

А. Дынэр: Самалёты, якія мае Беларусь, трэба тэрмінова мяняць. На закупку новых грошай у Менска няма. Зь іншага боку, Расея ня можа проста гэтыя самалёты Беларусі падарыць. Магчыма, гэта крок Расеі, скіраваны на тое, каб абараніць сваю паветраную мяжу на заходнім накірунку. Калі казаць пра разьмяшчэньне ў Беларусі сыстэмаў С-300, то гэта можа быць адказам на пляны збудаваць у Польшчы амэрыканскі супрацьракетны шчыт. Магчыма, Расея хоча такім чынам аддаліць свае вайсковыя межы ад межаў тэрытарыяльных і выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, каб зьбіваць над ёй варожыя ракеты.

На думку Анны Дынэр, разьмяшчэньне расейскай авіяцыі ў Беларусі не пагоршыць стасункаў паміж Расеяй, Беларусьсю і Польшчай. Зразумела, калі расейскія зьнішчальнікі ня будуць парушаць паветраную прасторы Польшчы.

Разьмяшчэньне расейскай авіябазы не пахісьне стратэгічную раўнавагу ў рэгіёне – таксама лічыць галоўны рэдактар вайсковага часопіса “Skrzydłata Polska” Томаш Хыпкі.

Т. Хыпкі: З вайсковага пункту гледжаньня гэта ня мае ніякага значэньня. Расея мае ядзерную зброю, разьмешчаную на балістычных і тактычных ракетах, стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі й крылатыя ракеты. Менавіта гэтае ўзбраеньне, а не С-300 і авіяцыйныя часткі, адыгрывае ключавую ролю ў стасунках Расеі з Польшчай. Нашыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны занадта слабыя, каб супрацьстаяць расейскім крылатым ракетам. Таму будуць расейскія зьнішчальнікі ды С-300 бліжэй да польскай мяжы альбо далей – ня мае ніякага значэньня. Гэта не наступальная зброя.

Аднак такі пункт гледжаньня падзяляюць далёка ня ўсе экспэрты. На думку галоўнага рэдактара выданьня „Raport: Wojsko-Technika-Obronność” Войцеха Лучака, разьмяшчэньне некалькіх дзесяткаў комплексаў С-300 ў Беларусі сур’ёзна зьменіць вайсковую сытуацыю ў рэгіёне. Радыюс дзеяньня комплексаў настолькі вялікі, што той, хто імі валодае, зможа кантраляваць неба над Польшчай – заяўляе экспэрт. Аднак рабіць нейкія дзеяньні ў адказ пакуль рана, кажа экспэрт.

В. Лучак: Пакуль што мы маем справу з заявай. Калі гэтая заява будзе рэалізаваная, яна створыць абсалютна новую сытуацыю ў рэгіёне. Гэта будзе выклік для аналітыкаў і вайскоўцаў. Аднак ад заявы да рэалізацыі – доўгі шлях. Не так проста разьмясьціць ў краіне такую колькасьць ракетных установак. На гэта патрэбныя грошы, патрэбная інфраструктура – у тым ліку для жаўнераў абслугі. Гэтыя ракетныя комплексы не прыедуць і ня стануць у чыстым полі. Жаўнераў і тэхніку трэба недзе разьмясьціць. Пакуль гэтыя умовы ня створаныя, я разглядаю дадзеную заяву толькі як дэклярацыю.

Пра стратэгічнае значэньне комплексу С-300 сьведчыць той факт, што ён ледзьве не стаў прычынай вайсковага сутыкненьня паміж Грэцыяй і Турцыяй, нагадаў Войцех Лучак. Сыстэму хацелі разьмясьціць на Кіпры, але ў радыюсе дзеяньня ракетаў апынуліся турэцкія аэрадромы, таму Анкара востра запратэставала. Стасункі паміж Польшчай, Беларусьсю й Расеяй таксама далёкія ад бясхмарных. Яшчэ нядаўна Расея зь Беларусьсю на вучэньнях мадэлявалі наступальную апэрацыю на польскай тэрыторыі - прыгадаў польскі экспэрт.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт