Logo Polskiego Radia
Print

"Ня верыцца, што крыжы зьнішчаюць у некамуністычнай краіне"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.07.2013 13:46
„Rzeczpospolita” друкуе інтэрвію са старшынёй Таварыства жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі Вэранікай Сэбасьцьяновіч.

Некалькі дзён таму невядомыя сьпілавалі крыж пад Шчучынам, які быў пастаўлены ў гонар Анатоля Радзівоніка, апошняга камандзіра аддзелу АК Ліда-Шчучын. Дарэчы, сп. Сэбасцьяновіч асудзілі за несанкцыянаваную акцыю, якой шчучынскі суд назваў усталяваньне крыжа.

82-гадовая актывістка не сумняецца, што за “невядомымі” стаяць улады. Яна ўжо накіравала скаргу ў пракуратуру, патрабуючы пакараньня вандалаў, якія, зьнішчаючы асьвечаны крыж, абразілі рэлігійныя пачуцьці яе, а таксама 150 жыхароў Шчучынскага раёну, якія 12 траўня былі прысутныя на ўрачыстасьці ўсталяваньня крыжа.

Вэраніка Сэбасьцьяновіч кажа, што гэтак званыя невядомыя злачынцы – гэта людзі бязь веры й культуры. А асьвечаны крыж зьяўляецца сьвятасьцю, зьнішчэньне якой зьяўляецца багахульствам і не застанецца незаўважаным Богам. “Няхай тыя, хто загадалі зьнішчыць крыж, ня думаюць, што застануцца непакаранымі. Бог бачыў і запамятае гэта”.

Гаворачы пра скаргу ў пракуратуру, сп. Вэраніка адзначае, што яна самая маладая зь яшчэ жывых жаўнераў АК у Беларусі, а таму яна мае абавязак клапаціцца пра месцы памяці таварышаў па зброі. Хоць жанчына ня мае сумневаў, якім будзе адказ пракуратуры. “Зрэшты, у жыцьці я перажыла й не такія моманты. Пасьля вайны ў Скідалі, дзе я жыву, з касьцёла таксама скінулі крыж. Але той, хто гэта зрабіў, быў пакараны Богам. Таксама будзе ў выпадку й гэтага крыжа. Але я да гэтага часу не магу зьмірыцца з думкаю, што нехта мог загадаць зьнішчыць крыж у дзяржаве, якая не зьяўляецца камуністычнай, і кажа пра сваю прывязанасьць да хрысьціянскай веры”, - кажа Вэраніка Сэбасьцьяновіч.

Яна ня верыць, што крыж сьпілавалі звычайныя хуліганы. Той, хто гэта зрабіў, меў прафэсійную бэнзапілу, грузавы аўтамабіль, на якім вывезьлі крыж. У гэтым часе ўладальнікі зямлі, на якой стаяў крыж, былі выкліканыя ў райвыканкам, каб на месцы нікога не было.

Актывістка падкрэсьлівае, што ёсьць мноства доказаў таго, што памяць пра жаўнераў АК у Беларусі лічыцца ідэалягічным злачынствам. Дзяржаўная прэса піша пра іх як пра бандытаў.

Ці ў такім выпадку варта ставіць крыжы й помнікі, якія й так будуць нішчыць? Сп. Сэбасцьяновіч кажа, што пакуль яна жывая, будзе гэта рабіць. “Мне яшчэ трэба знайсьці месца спачыну майго брата, таксама жаўнера АК, які загінуў ад рук НКУС. За тое, што я яго ня выдала, мяне прысудзілі да 25 гадоў лягера, зь якіх я, на шчасьце, адсядзела толькі чатыры, паколькі памёр Сталін і абвесьцілі амністыю”, - расказвае Вэраніка Сэбасьцьяновіч выданьню „Rzeczpospolita”.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт