Logo Polskiego Radia
Print

Польскі падарунак Сталіну

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 25.07.2013 12:27
  • Вар'яцтва 44.mp3
Палітыка Польшчы падчас ІІ сусьветнай вайны была вар’яцтвам – піша ў сваёй новай кнізе “Obłęd ’44” Пётр Зыховіч.

Пётр Зыховіч скалыхнуў летась Польшчу сваёй дэбютнай кнігай “Пакт Бэк-Рыбэнтроп”. У ёй аўтар сьцьвярджаў, што вайна Польшчы зь Нямеччынай і спадзяваньне на дапамогу Францыі й Вялікабрытаніі было страшнай памылкай. Прааналізаваўшы сыуацыю, Зыховіч прыйшоў да высновы, што Польшча павінна была пагадзіцца на далучэньне Гданьска да Рэйха, дазволіць Гітлеру пабудаваць экстэрытарыяльную аўтастраду праз польскае Памор’е ў Прусію й потым разам зь немцамі напасьці на Савецкі саюз. Гэта, на думку Зыховіча, паставіла б кропку на імпэрыі Сталіна.

Новая кніга гістарычнага публіцыста “Obłęd ’44” (Вар’яцтва ’44) прысьвечаная польскай палітыцы падчас ІІ сусьветнай вайны, пачынаючы ад 1939 года й сканчваючы Варшаўскім паўстаньнем у 1944 годзе. Як і ў першай кнізе, аўтар аналізуе прычыну паразы Польшчы ў вайне. І як кажа сама назва, высновы Зыховіча будуць балючымі для польскіх чытачоў.

Пётр
Пётр Зыховіч.

“Свае канцэпцыі кіраўніцтва нашага падпольля заснавала на ілюзіях, а не на рэаліях. Загад жаўнерам Арміі Краёвай дапамагаць Чырвонай арміі быў калябарацыяй з ворагам. Гэта было вар’яцтва. Галоўнае камандаваньне АК выдала сваіх жаўнераў ў рукі савецкіх спэцслужбаў. Тысяч зь іх заплацілі за гэта жыцьцём. Апагеем вар’яцтва было рашэньне пра пачатак Варшаўскага паўстаньня. Гэты крок, бясспрэчна геройскі, не меў мінімальнага шанцу на посьпех. Вынікам паўстаньня сталі гіганцкія страты: сьмерць 200 тысяч палякаў, зьнішчэньне сталіцы – разам з бясцэннымі скарбамі культуры – і зьнішчэньне Арміі Краёвай, адзінай сілы, якая магла супрацьстаяць саветызацыі Польшчы. Гэты было безсэнсоўнае самагубства. Сталін нават не мог і памарыць пра такі падарунак ад палякаў, як Варшаўскае паўстаньне” – піша ў сваёй кнізе Пётр Зыховіч.

Аўтар ставіць несуцяшальны дыягназ айчыннай гістарыяграфіі, якая кожны крок палякаў у гісторыі лічыць слушным, усіх лідараў бясхібнымі, а калі нешта кепскага й было, то гэта, хутчэй за ўсё, віна чужынцаў. Зыховіч называе гэтую зьяву патрыятычнай карэктнасьцю. “Тым часам шмат нашых паразаў было ў значнай ступені віною нас саміх. Гэта датычыць падзелу Рэчы Паспалітай, канца міжваеннай Польшчы й нашай паразы ў ІІ сусьветнай вайне” – сказаў Пётр Зыховіч у інтэрвію штодзёнцы “Polska. The Times”. На пытаньне, чаму Польшча прайграла вайну, аўтар цытуе словы Напалеона Банапарта: “Вайну прайграе той, хто робіць найбольш памылак”.

Дык як трэба было паводзіць сябе палякам, каб не прайграць? На думку Зыховіча, у палітычным сэнсе Польшча прайграла вайну яшчэ ў 1943, пасьля канфэрэнцыі ў Тэгеране. У 1944 годзе ў палякаў былі тры варыянты разьвіцьця пазеяў: змагацца зь немцамі, ваяваць з саветамі альбо нічога не рабіць. “Трэба было выбраць апошні варыянт” – лічыць Зыховіч.

/

Тым часам у 1944 годзе Армія Краёва абвесьціла пра пачатак апэрацыі “Бура”. Палякі фактычна дапамагалі Чырвонай Арміі заваёўваць сваю даваенную тэрыторыю. Вынікам гэтай апэрацыі стаў арышт 80% жаўнераў АК. Камандаваньне падпольля праігнаравала ідэалёгію Юзафа Пілсудзкага, паводле якой, СССР быў самым небясьпечным ворагам Польшчы. Пасьля паразы немцаў пад Сталінградам, калі стала зразумела, што Вэрмахт будзе вымушаны адступаць, немцы ўжо не ўяўлялі доўгатэрміновай пагрозы для Польшчы. Незалежнасьць можна было вярнуць толькі пасьля таго, калі абодва ворагі былі зьнішчаныя, таму, паводле Зыховіча, палякам трэба было заставацца пасіўнымі назіральнікамі вайны двух тыранаў.

У кнізе “Obłęd’44” Зыховіч крытыкуе стратэгію й канкрэтныя рашэньні камандаваньня падпольля. Жаўнераў, якія часам без досьведу й зброі, змагаліся з мацнейшым ворагам, ён называе героямі. “Мая вялікая павага для гэтых герояў не азначае, што з такой жа павагай я павінен ставіцца да людзей, якія выслалі найлепшую польскую моладзь з голымі рукамі на танкі. Людзей, якія ў імя палітычных фантазій паслалі на сьмерць нашае найлепшае пакаленьне” гаворыць Зыховіч.

Кніга Пятра Зыховіча яшчэ перад прэм’ерай выклікала гарачыя дыскусіі. Пікантнасьць у спрэчку дадае факт, што Зыховіч адносіцца да асяродзьдзя кансэрватыўных публіцыстаў, якія крытычна ставяцца да так званай “пэдагогікі сораму”, то бок скептычнага стаўленьня да нацыянальнага міту й пантэону польскіх герояў.

Пётр
Пётр Сэмка.

Публіцыст Пётр Сэмка абвінаваціў Зыховіча, што той зачыняе вочы на рэаліі эпохі й патрабуе ад тагачасных камандзіраў, каб яны загадзя ведалі, як усё скончыцца. “Калі лінія думкі Зыховіча будзе працягвацца ў такім жа напрамку, то ў выніку ён прыдзе да высновы, што дарэмна мы не мелі свайго Кісьлінга. Гэта вынік таго, што антыкамунізм успрымаецца як вярхоўная ідэя, якой павінна быць падпарадкавана ўсё. Менавіта на гэтым заснавана ідэя гістарычнага рэвізіянізму. Яго складнікі – гэта эфэктыўнасьць аргументаў, іх памылковая сувязь і розум заднім чыслом. Усё гэта, я на жаль, знайшоў у кнізе Зыховіча” – напісаў Сэмка ў апошнім нумары тыднёвіка „Do Rzeczy”.

Зыховіч не пакінуў гэты закід без адказу:

“Я лічу, што гісторыя павінна нам дапамагаць рабіць высновы на будучыню й таму варта яе салідна аналізаваць. А ў Польшчы гісторыя выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах, каб падбадзёрваць нацыянальны дух. На маю думку, гэта пярэчыць нацыянальнам інтарэсам. Тых памылак мы ўжо не можам выправіць , але наш страшны геапалітычны адрас не зьмяніўся – мы працягваем жыць паміж Расеяй і Нямеччынай, у найгоршым месцы на сьвеце. Менавіта таму важна рабіць высновы з уласных памылак, каб не паўтараць іх яшчэ раз”.

Сёньня кніга Пятра Зыховіча “Obłęd’44” трапіла ў польскія кнігарні.

Падрыхтаваў Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт