Logo Polskiego Radia
Print

Р. Тышкевіч: пралукашэнкаўскае лёбі ў Сэйме - гэта сорам

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.07.2013 14:40
  • Тышкевіч.mp3
У Сэйме Польшчы заснавана група супрацы з Рэспублікай Беларусь.

“Гэта сорам і сур’ёзная палітычная памылка”, - кажа дэпутат Робэрт Тышкевіч, старшыня існуючай з 2005 году групы па справах Беларусі. Ініцыятар новай групы, дэпутат Яўген Чыквін адказвае, што не адчувае сябе прапагандыстам Лукашэнкі, а толькі імкнецца да больш глыбокай супрацы з суседзкай краінай.

Чарговая парлямэнцкая група па справах Беларусі, якая будзе займацца паглыбленьнем эканамічнай і культурніцкай супрацы, узьнікла ў польскім Сэйме. Яе ініцыятарам стаў дэпутат “Саюзу польскіх левых сіл” (SLD) Яўген Чыквін, прадстаўнік беларускай меншасьці ў Польшчы.

Тым часам у Сэйме ўжо ёсьць адна група па справах Беларусі, яе старшынём зьяўляецца дэпутат “Грамадзянскай плятформы” Робэрт Тышкевіч. Заснаваньне новай групы ён назваў сорамам і палітычнай памылкай. “Да гэтага часу польскі парлямэнт па-за партыйнымі падзеламі прадстаўляў адну пазыцыю, якая асуджала рэжым Лукашэнкі”. Ён ня мае сумневаў, што новая ініцыятыва зьяўляецца контргрупай у дачыненьні да існуючай і накіраваная на стварэньне пралукашэнкаўскага лёбі ў польскім Сэйме. Паводле Робэрта Тышкевіча, гэта выразна бачна ў назве, якая не гаворыць пра польска-беларускае сяброўства ці польска-беларускую супрацу, але пра супрацу з Рэспублікай Беларусь. “Хто сёньня кіруе беларускай дзяржавай? Дасканала вядома”.

Р. Тышкевіч: Гэта ініцыятыва, мэта якой – супраца з рэжымам у Менску, будаваньне пазытыўнага вобразу гэтага рэжыму ў польскім Сэйме й польскім палітычным жыцьці. Калі б працы гэтай камісіі мелі якую-колечы іншую мэту, то дэпутат Чыквін і іншыя ініцыятары маглі б прымаць удзел у іншай групе па справах Беларусі, якая здаўна дзейнічае ў польскім Сэйме. Паколькі гэтыя асобы не хацелі далучыцца да нас, то для мяне цалкам зразумела, навошта створана новая група. Паколькі ў існуючай з 2005 году парлямэнцкай групе па справах Беларусі пытаньні парушэньня правоў чалавека, парушэньня прынцыпаў дэмакратыі й падтрымка дэмакратычнай беларускай апазыцыі зьяўляюцца асноўнымі, то цалкам відавочна, што дэпутат Чыквін і яго супрацоўнікі ня хочуць мець нічога супольнага з напрамкам дзейнасьці на карысьць Беларусі, які палягае на падтрымцы дэмакратыі й перасьледаваных людзей.

Паводле дэпутата Яўгена Чыквіна, заява аб пакліканьні новай групы трапіла да старшыні Сэйму, але пакуль не была разгледжана. Першая сустрэча ініцыятыўнай групы ўжо адбылася. У яе склад увайшлі 12 дэпутатаў з “Саюзу польскіх левых сіл”, “Грамадзянскай плятформы” й “Польскай сялянскай партыі”. У сустрэчы прымаў удзел амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак, які абяцаў дапамогу ў пошуку кантактаў і атрыманьні інфармацыі.

Мы запыталіся ў старшыні новай групы, што новага яны будуць рабіць у адрозьненьне ад існуючай групы Тышкевіча. Дэпутат Чыквін адзначае, што існуючая група, паводле статуту, займаецца пытаньнямі дэмакратызацыі ў Беларусі, але цягам апошняга тэрміну паўнамоцтваў яна сабралася толькі адзін раз.

Я. Чыквін: І гэта ўся іх праца за апошні год. Я зьяўляюся беларусам і ўжо шмат гадоў стараюся рабіць усё, каб разьвіваць найперш эканамічныя стасункі. Я й многія дэпутаты такую патрэбу бачым. Мы памятаем, што ў мінулым годзе беларусы ў Падляскім ваяводзтве купілі тавары на больш як мільярд злотых. І гэта для нас важны эканамічны чыньнік. Я заўсёды меркаваў, што павінна ўзьнікнуць адмысловая парлямэнцкая група. Пакуль маршалак не прыняла рашэньня, таму нашая ініцыятыва ня мае яшчэ аж столькі магчымасьцяў. Калі б такая група ўзьнікла, то мы маглі б зрабіць больш. А калі казаць пра сп. Тышкевіча, то гэта яшчэ малады чалавек, які займаецца ў першую чаргу рознымі акцыямі. Я такіх людзей называю “каляніялістамі”, яны думаюць, што ведаюць усё найлепш. А я лічу, што вялікай памылкаў усходняй палітыкі Польшчы зьяўляецца тое, што парлямэнцкая група яшчэ не ўзьнікла. У маім перакананьні, калі мы можам нешта зрабіць, а я не пераацэньваю магчымасьцяў дэпутатаў, для эканамічнай супрацы, у пытаньнях памежнай супрацы, перасячэньня мяжы, абмену студэнтамі, культурніцкай супрацы, праблемаў меншасьцяў, то чаму мы мелі б гэтага не рабіць. Дэпутат Тышкевіч сваёй крытыкай іншых, відаць, апраўдвае сваю бездапаможнасьць і бязьдзейнасьць.

Яўген Чыквін адзначае, што не падтрымлівае недэмакратычных захадаў беларускіх улад і не зьбіраецца гэта хваліць. Акрамя гэтага дэпутат дадае, што пакуль невядома, ці яго ініцыятыва сустрэнецца з пазытыўным водгукам зь беларускага боку. Ён кажа, што да гэтага часу прадстаўнікі ўлад Беларусі не праяўлялі асаблівай зацікаўленасьці такой супрацай, таму невядома, ці ініцыятыва завершыцца посьпехам.

ав/Я. Каміньска

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт