Logo Polskiego Radia
Print

Беззаконьне й тэрор сілавікоў распальваюць ісламскі тэрарызм

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.10.2013 19:49
  • Беззаконьне й тэрор сілавікоў распальваюць ісламскі тэрарызм.mp3
Праваабаронцы з Інгушэціі распавядаюць пра вострыя праблемы рэгіёну.
Foto: www.yuga.ruFoto: www.yuga.ru

У 2012 годзе ўзброены канфлікт у Інгушэціі забраў жыцьці 84 чалавек і яшчэ 82 былі параненыя. Па колькасьці ахвяраў супрацьстаяньня паміж баевікамі ды сілавымі структурамі Інгушэція знаходзіцца на 3 месцы пасьля Дагестану й Чачэніі. Журналісты Польскага радыё наведалі рэспубліку, каб у размовах з экспэртамі высьветліць прычыны тэрарыстычнай актыўнасьці на Паўночным Каўказе й шляхі вырашэньня праблемы.

У Назрані нас сустракае кіраўнік інгускага аддзяленьня праваабарончага цэнтру “Мэмарыял” Цімур Акіеў. Асноўнымі праблемамі Інгушэціі ён называе парушэньні правоў чалавека пры правядзеньні спэцапэрацыяў, праблему бежанцаў і карупцыю.

Менавіта прага помсты за беззаконьне сілавікоў часта штурхае маладых людзей далучацца да незаконных узброеных фармаваньняў, кажа Цімур Акіеў.

/

Ц. Акіеў: Да “сыходу ў лес” прыводзіць жаданьне чалавека адпомсьціць на несправядлівасьць, якая адбылася па віне ўладаў. Альбо ў яго блізкі быў арыштаваны ці забіты, альбо яго самога катавалі, затым вызвалілі, але ён з гэтым не зьмірыўся. Іншая прычына далучэньня да незаконных узброеных фармаваньняў – рэлігійная. У баевікі ідуць людзі, перакананыя, што гэтая ўлада зьневажае прынцыпы ісламу. Яны перакананыя, што права вызнаваць іслам у той форме, у якой яны яго бачаць, можна дабіцца толькі ўзброеным шляхам. Да сыходу ў лес штурхае й юначы максымалізм. Узрост людзей, якія папаўняюць шэрагі баевікоў складае 18-20 гадоў.

Сілавікі часта выкрадаюць людзей, катуюць затрыманых ды неабгрунтвана выкарыстоўваюць зброю. Такія мэтады змаганьня з падпольлем часта прыводзяць да адваротнага эфэкту.

Ц. Акіеў: Мэтады, якія выкарыстоўваюцца ў адносінах да гэтых людзей, не выпраўляюць сытуацыі, а наадварот, яе пагаршаюць. Насельніцтва успрымае гвалт, катаваньні, выкраданьне маладых людзей як агрэсію супраць Каўказу. Людзі кажуць, што не адчуваюць сябе грамадзянамі Расеі, маўляў у вачах Расеі Каўказ зьяўляецца нейкай калёніяй, якую можна кантраляваць толькі сілай.

Магамэд Муцольгаў з праваабарончага цэнтру “Машр” займаецца пошукам людзей, якія былі выкрадзеныя спэцслужбамі. Да яго зьвярнуліся сваякі больш як 200 маладых людзей, якія зьніклі бязь вестак. З 2000 году ў Інгушэціі сілавікі скралі ці забілі больш за 2000 чалавек. У апошнія гады хваля тэрору спадае, але сытуацыя па-ранейшаму застаецца складанай, кажа Магамэд Муцольгаў.

/

М. Муцольгаў: У 2008 годзе было забіта 212 чалавек, у 2009- 304, у 2010 было забіта 160 чалавек, у 2011 – 77 чалавек, а ў 2012 – каля 100 чалавек. Колькасьць ахвяраў памяншалася, аднак сытуацыя з правамі чалавека не стала лепшай. Юнус-Бек Еўкураў, які стаў прэзыдэнтам Інгушэціі ў 2008 годзе, стаў звычайным чыноўнікам. Усе яго заявы пра адкрытасьць улады і рэвэрансы перад грамадзянскай супольнасьцю аказаліся пустымі. Пры Еўкураве прымалі законы, з найбольш складанай формай удзелу грамадзянаў рэспублікі ў грамадзка-палітычных працэсах.

Беспрацоўе мае ў Інгушэціі катастрафічныя маштабы, кажа праваабаронца.

М. Муцольгаў: Эканамічнага прарыву няма. Мы як былі, так і застаемся рэспублікай з самым высокім беспрацоўем у Расеі. Афіцыйна беспрацоўе менш за 50%, але неафіцыйна яно складае каля 65%. Асноўныя працоўныя месцы існуюць у бюджэтным сэктары. Гэта настаўнікі, выхавацелі, лекары. Утрыманьне сем’яў кладзецца на жаночыя плечы. Большасьць мужчынаў – беспрацоўныя, альбо перабіваюцца часовымі падпрацоўкамі.

Магамэд Муцольгаў быў вымушаны абсталяваць свой дом відэакамэрамі. Уезд на падворак абараняе жалезная брама, кожная палова якой важыць 200 кіляграмаў. Быць праваабаронцам у Інгушэціі зьвязана з рызыкай для жыцьця – тлумачыць Магамэд.

М. Муцольгаў: Канешне, праваабаронцам працаваць у Інгушэціі небясьпечна. Ўлады зачыняюць вочы на злачынствы сілавікоў. Зь іншага боку, я не магу казаць, што працаваць абсалютна немагчыма. Я ўсё яшчэ жывы, хоць шмат з маіх калегаў былі забітыя. Мы адчуваем тытанічны ціск. Нас палохаюць крымінальнымі справамі. Па сутнасьці, у нас няма свабоды слова. Яна зьвязаная з рызыкай для жыцьця. Калі ты напісаў нешта, цябе не застрэляць адразу, але могуць застрэліць. У нас забаронена праводзіць мітынгі. У рэспубліцы ня дзейнічае ні канстытуцыя Расеі, ні канстытуцыя Інгушэціі. Мясцовае тэлебачаньне дыскрэдытуе грамадзкіх актывістаў.

Каб хваля тэрору ў Інгушэціі пайшла на спад, неабходна, каб чыноўнікі, сілавыя структуры і простыя жыхары сталі роўныя перад законам і выконвалі закон – кажа Магамед Муцольгаў. Таксама трэба, каб у рэспубліцы зьявілася незалежнае правасудзьдзе.

М. Муцольгаў: Сытуацыя ня зьменіцца, пакуль ня будзе справядлівых рашэньняў судоў. За ўвесь гэты час у нас да крымінальнай адказнасьці прыцягнуты ўсяго адзін супрацоўнік праваахоўных ворганаў! Катавалі сотні людзей, заяваў, фотаздымкаў, іншых доказаў вельмі шмат. У аддзел паліцыі забіраюць здаровага чалавека, а на наступны дзень прывозяць труп – у сіняках, са сьлядамі кайданкаў на руках. Калі паліцыянты кажуць, што ён памёр ад сардэчнага прыступу – гэта проста сьмешна.

Каб пераламіць сытуацыю ў Інгушэціі, неабходная палітычная апазыцыя ў мясцовым парлямэнце і грамадзянскі кантроль за дзеяньнямі сілавікоў і чыноўнікаў. Толькі тады можна будзе перамагчы карупцыю, а ў рэспубліцы пачнецца эканамічны рост і пачне ўсталёўвацца мір – падсумоўвае Магамед Муцольгаў.

Аляксандар Папко, Павал Паўліца.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт