Logo Polskiego Radia
Print

Дыпляматычны скандал на лініі Варшава-Бэрлін

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.11.2013 15:08
Нямеччына ўтойвае творы мастацтва, зрабаваныя падчас Другой сусьветнай вайны.

Нямеччына тлумачыцца падатковым заканадаўствам, каб захаваць буйную калекцыю шэдэўраў мастацтва, зрабаваную падчас Другой сусьветнай вайны.

Гэта справа без прэцэдэнту. Ніколі пасьля вайны не ўдалося знайсьці настолькі ўнікальнай калекцыі карцінаў, выкрадзеных нацыстамі ў Эўропе, - паведамляе „Rzeczpospolita”.

Гаворка ідзе пра амаль 1,5 тысячы карцінаў, якія былі знойдзеныя ў кватэры 80-гадовага Карнэліуса Гурліта ў Мюнхэне. Бацька мужчыны па загадзе Гітлера арыштоўваў мастацкія творы ў ахвяраў нацызму.

Пакуль не вядома, ці ў гэтай калекцыі знаходзяцца таксама карціны, скрадзеныя ў Польшчы. Аднак праблема зводзіцца да таго, што немцы адмаўляюць усім у доступе да іх сьпісу. Яны сьцьвярджаюць, што гэта немагчыма, паколькі супраць Гурліта праводзіцца сьледзтва па нявыплачаных падатках.

„Я даручыў польскаму консулу зьвярнуцца за прадастаўленьне сьпісу карцін. Калі мы яго атрымаем, то апублікуем у Інтэрнэце, каб пакрыўджаныя змаглі распазнаць сваю ўласнасьць”, - кажа праф. Войцех Кавальскі, упаўнаважаны Міністэрства замежных спраў Польшчы па рэстытуцыі культурных каштоўнасьцяў.

Тым часам, учора ўвечары пракуратура ў Аўгсбургу, якая пераняла калекцыю, паведаміла, што сьпіс ня будзе агучаны.

Паводле інфармацыі газэты, калі гэтая адмова акажацца канчатковай, то ў справу ўмяшаецца кіраўнік польскай дыпляматыі, а, магчыма, нават прэм'ер-міністр Польшчы.

Гаворка ідзе пра аказаньне палітычнага ціску на Бэрлін. Гэтага патрабуюць таксама юрыдычныя фірмы з ЗША, якія хочуць атрымаць доступ да сьпісу карцін ад імя габрэйскіх уладальнікаў.

Паводзіны нямецкай пракуратуры тым больш нечаканыя, што Бэрлін узяў на сябе абавязацельства публікаваць сьпіс выкрадзеных твораў мастацтва, падпісваючы ў 1998 годзе Вашынгтонскую канвэнцыю па гэтай справе.

Гісторыя калекцыі Гурліта - гэта вынік дзесяцігодзьдзяў нямецкай неахайнасьці. Бацька Карнэліуса, Хільдэбранд Гурліт, пасьля прыходу Гітлера да ўлады, быў адным з чатырох мастацтвазнаўцаў, якія пасярэднічалі пры гандлю „дэгенэратыўным мастацтвам” .

Канфіскаваныя ў габрэйскіх сем'яў ці музеяў карціны, якія не адказвалі эстэтычным стандартам нацыстаў, прадаваліся на аўкцыёнах за мяжой, асабліва ў Швайцарыі.
Некаторыя зь іх Гурліт-бацька сакрэтна захаваў для сябе. Іх поўны сьпіс у 1950 годзе распрацавалі амэрыканскія акупацыйныя ўлады. Але, па невядомай прычыне, урад Нямеччыны не канфіскаваў у Карнэліуса атрыманай у спадчыну калекцыі. Больш за тое, на працягу многіх гадоў ён прадаваў шэдэўры на аўкцыёнах, ня выклікаючы ніякіх падазрэньняў .

Пра справу стала вядома выпадкова, тры гады таму пры нагодзе падатковай праверкі, але нямецкія ўлады засакрэцілі інфармацыю пра калекцыю, у якой знаходзяцца, між іншым, унікальныя карціны Пабла Пікаса, Марка Шагала й Анры Маціса.

Толькі тры дні таму пра адкрыцьцё ў кватэры Гурліта пісаў штотыднёвік „Фокус”. Аднак пракуратура да гэтага часу не выдала ордэру на арышт Гурліта, месца знаходжаньня якога невядомае. А калі, нарэшце, пракурор ськлікаў прэс -канфэрэнцыю, ягоныя людзі спрабавалі перашкодзіць польскаму консулу ў ёй удзельнічаць, - паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт