Logo Polskiego Radia
Print

Гендэрная ідэалёгія - увасабленьне зла?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.01.2014 20:00
  • 07.01-gender.mp3
Меркаваньнем эпіскапату, за паняцьцем “гендэр” скрываецца хлусьня, якая датычыць фундамэнтальных правоў у грамадзтве.

Як у кожную апошнюю нядзелю году, 29 сьнежня ў каталіцкім касьцёле згадвалі памяць Сьвятой сям’і – бацькоў Ісуса Хрыста Юзэфа і Марыі ды іх сына. Гэта цудоўная традыцыя – у першую нядзелю пасьля нараджэньня Хрыста шанаваць памяць яго бацькоў, але на гэты раз біскупы выклікалі сапраўдны эфэкт бомбы. Справа ў тым, што амаль ва ўсіх храмах краіны ў гэты дзень духоўныя чыталі ліст-пасланьне да вернікаў ад польскіх біскупаў. У ім ішла гаворка аб небясьпецы, якую нясе грамадзтву гэтак званая гендэрная ідэалёгія, якая дазваляе нават чалавеку самому выбіраць сабе пол. Меркаваньнем эпіскапату, за паняцьцем “гендэр” скрываецца хлусьня, якая датычыць фундамэнтальных правоў у грамадзтве. Нехта спрабуе зьнішчыць падставы нашай цывілізацыі, - мяркуе арцыбіскуп Генрык Госэр.

Г. Госэр: Ідэалёгія “гендэр” мяркуе, што няма біялягічнага полу, што мы не атрымліваем полу падчас нараджэньня. Гэта роля, якую мы можам адыгрываць у жыцьці – мужчынскую або жаночую. Палавыя розьніцы – гэта фундамэнт будаваньня грамадзтва. Сужонства складваецца з мужчыны і жанчыны, ролю сям’і ў грамадзтве нельга пераацаніць. Калі гэтыя фундамэнты мы разбурым, у грамадзтве немагчыма будзе жыць.

Духоўныя заклікаюць прадпрыняць адважныя крокі, каб распаўсюджваць праўду пра сужонстве і сям’і. Неабходна змагацца за сямейныя каштоўнасьці, бараніць іх – адзначае старшыня Канфэрэнцыі эпіскапату Польшчы арцыбіскуп Юзэф Міхалік.

Ю. Міхалік: Трэба сёньня спакойна, каб нікога не пакрыўдзіць, дапамагчы людзям зьвярнуцца да ўласнага сумленьня. Неабходна пераконваць людзей, што самае лепшае й прыгожае ў жыцьці – гэта натуральная сям’я, традыцыйная сям’я, якая складваецца з мужчыны й жанчыны, зь дзяцей.

Для вернікаў, прынамсі вялікай часткі зь іх, словы духоўных былі дзіўныя й незразумелыя. Мала хто ведае, што такое гендэрная ідэалёгія, і ці ўвогуле яна існуе. Справа ўзьнікла ў выніку таго, што польскі ўрад сочыць за роўнасьцю паміж жанчынамі ды мужчынамі, а ў некаторых польскіх садках была ўведзена праграма на тэму роўнасьці. Дзецям паказвалі, што ня ўсе мужчыны носяць толькі штаны, напрыклад, у Шатляндыі яны носяць спадніцы. І што сьвет могуць ратаваць ня толькі рыцары, але таксама дзяўчыны.

Упаўнаважаная ўраду па пытаньнях роўнасьці крытыкуе ліст Эпіскапату. На думку Агнешкі Казлоўскай-Раевіч, у лісьце, які чыталі ў польскіх касьцёлах, шмат няпраўды й беспадстаўных абвінавачаньняў.

А. Казлоўска-Раевіч: Цэлы шэраг тэзісаў, якія абвінавачваюць настаўнікаў, фэміністак, дасьледчыкаў культуры, палітыкаў. Дастаецца нейкім, да канца неназваным, урадавым ды міжнародным структурам. І гэта вельмі не падабаецца мне ў гэтым лісьце. Гэта дрэнна. У ім вельмі мала любові, гэта мала хрысьціянскі ліст, асабліва на нядзелю Сьвятой cям’і.

Але лістом у касьцёлах справа не закончылася. Польскія дэпутаты з партый правай арыентацыі нават прапануюць сфармаваць адмысловую групу ў Сэйме пад назваю “Стоп гендэрнай ідэалёгіі”. Прэм’ер-міністар Дональд Туск заявіў, што ён даўно ня чуў падобнай істэрыі ды дурнотаў, чым тыя, якія датычаць дадзенага пытаньня. Чым выклікаў вялікае абурэньне правых, у тым ліку Бэаты Кэмпы з групоўкі Салідарная Польшча, адной з аўтарак прапановы.

Анджэй Галіцкі з Грамадзянскай плятформы нагадвае, што ў ХХІ стагодзьдзі жанчыны й мужчыны маюць роўныя правы.

А. Галіцкі: Калі хтосьці думае, што жанчына была створана дзеля таго, каб сядзець на кухні, гатаваць ежу, мыць бялізну, прасаваць і служыць мужчыне, то я яму нагадваю, што ў нас ужо ХХІ стагодзьдзе й правы роўныя, як для мужчын, так і для жанчын. А ўвогуле я хіба зьвярнуся з прапановаю стварыць у парлямэнце групу супраць працаў усіх парлямэнцкіх групаў.

Дональд Туск сказаў, што калі ён пачуў пра ініцыятыву стварэньня парлямэнцкай групы “Стоп гендэрнай ідэалёгіі”, ён думаў, што гэта нейкі жарт. Ён папрасіў, каб усе ўдзельнікі гэтага канфлікту перасталі базаваць на эмоцыях, каб яны астылі й супакоіліся.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт