Logo Polskiego Radia
Print

Зянон Пазьняк выдаў кнігу пра беларускую душу

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 08.01.2014 15:56
  • Тэрра Дэй.mp3
У кнізе на 400-ах старонках сабраныя каля трох сотняў фатаграфій, амаль столькі ж вершаў, дзясяткі апавяданьняў, эсэ, артыкулаў.

У першыя дні 2014 года ў Варшаве выйшла новая кніга Зянона Пазьняка “Тэрра Дэй”. Пра сваю новую кнігу аўтар распавёў “Польскаму радыё”.

“Тэрра Дэй” – гэта лацінскі выраз, які абазначае “зямля Бога”. Чаму я яе так назваў? Нават ня ведаю. Само сабой так атрымалася. Але падтэкст без намёку: гэтая зямля, гэтыя людзі, гэтае жыцьцё! Гэта ўсё ёсьць Божая сіла. З разуменьня гэтай пазыцыі я й зыходзіў. Але гаворка не пра чыста рэлігійны падыход: гэта шуканьне сэнсу існаваньня, сэнсу жыцьця, сэнсу свайго існаваньня. Гэтаму прысьвечана шмат вершаў.

Бальшыня людзей паводзіць сябе ў жыцьці, як ня дзіўна, часам невытлумачальна. Людзі імкнуцца да багацьця. Цяжка жыць у беднасьці. Беднасьць чалавека нявечыць, але дасягнуўшы багацьця – яны горшацца. Багацьце зьнішчае чалавека гэтаксама, як і беднасьць. Парадокс: дасягнуў багацьця, але ня стаў лепшым чалавекам. Чалавек ня думае пра здароўе, пакуль яго не зруйнуе. Ён п’е, валяецца пад плотам, займаецца, чым папала, нейкім экстрэмалам і думае, што будзе жыць вечна. А калі зруйнуе здароўе, то пачынае пра яго думаць. Кожны хоча жыць. Гэта закладзена ў інстынкце. І часам чалавек ідзе на зьдзелкі са сваім сумленьнем, каб толькі застацца жыць. Але пры гэтым мала хто задумваецца, а дзеля чаго ён жыве? І такія развагі закладзеныя ў аснову гэтай кніжкі.

/

У прыродзе разьліта прысутнасьць Боскай сілы. Я найбольш адчуваў яе ў Беларусі. Гэта мая радзіма й я найлепш яе разумею.

Кніжка складаецца з трох вялікіх разьдзелаў. Першы – гэта “Фатаграфіі й вершы”. Вершаў каля 200, а фатаграфій дзесьці 280. Большасьць зьнятая ў апошнія гады, але ёсьць і частка, якую мне ўдалося выратаваць зь Менска. Тут погляд лірычны й суб’ектыўны, засяроджаны на простых рэчах і адчуваньнях, над якімі, звычайна, людзі не задумваюцца.

Другі разьдзел – “Апавяданьні” (тут апавяданьні, выказваньні, успаміны й эсэ”. Апавяданьняў каля 20-30, яны абумоўлены сэнсам і назвай гэтай кнігі. Мой падыход – ад народнага выяўленьня. Я стараюся адчуць, як я гляджу на сьвет, як я яго разумею. Ня трэба сябе гвалціць і прыдумваць завумныя канцэпцыі, якія ідуць ад штучнага разуменьня сьвету. Я іду ад таго жыцьця, у якім я нарадзіўся, з тымі людзьмі, якіх я ведаю й якія ацэньваюць жыцьцёвыя зьявы. Я прыходжу да высновы, што найлепшы й разумнейшы – гэта беларускі народ. Я яго разумею, мне добра сярод гэтага народа. Гэта свае людзі, я адчуваю гэты фальклёр, адносіны да сьвету. Калі я пазнаёміўся зь беларускім фальклёрам (а гэта адбылося вельмі рана) і потым пазнаёміўся зь японскай паэзіяй (якой 3 тысячы гадоў), то я прыйшоў да высновы, што ў сэнсе асэнсаваньня сьвету далёка прафэсійнай японскай паэзіі да беларускага фальклёру. Гэта вяршыня народнай філясофіі й вяршыня хараства, якая ўзьведзена ў канон. Гэта настолькі дзівосна, што для людзей, ачмураных цяперашняй спажывецкай цывілізацыяй, тое незразумела. Яны гэтага ня ў стане зразумець. Гэта вышэй іх разуменьня. Я сыходжу з народных ацэнак, простых і сутнасных рэчаў: што такое шчасьце, для чаго чалавек жыве, што такое каханьне, быцьцё!

/

У апавяданьнях я ўспамінаю сваіх сяброў і знаёмых. Асобны тэкст прысьвечаны Лявону Баразне. Узгадваю свае мінулыя гады. Яны пададзены як апавяданьне. Жыцьцё бывае такое дзіўнае й нечаканае, што калі гэта дакладна апішаш, то ніхто не паверыць. Жыцьцё больш цікавае, чым мастацкая выдумка. Каб яно было больш праўдзівае, трэба часам дадаць трохі мастацкай выдумкі. Сырое жыцьцё бывае неверагодным. Некаторыя апавяданьні прысьвечаныя канкрэтным людзям і мясцовасьцям. Самое жыцьцё падказвае сюжэт навэлы. Для мяне галоўнае – паказаць тыпаж, вобраз беларуса такі, які ён ёсьць. Кожны чалавек – гэта кніга жыцьця. Некалі адзін кітаец сказаў, што “мудрасьць прыходзіць ад назіраньня за тым, як растуць дзеці”. Для таго, каб назіраць, трэба доўга пражыць і назіраць за жыцьцём чалавека ад нараджэньня да старасьці. Людзі, якія жылі пастаянным насельніцтвам, у вёсках і мястэчках, яны бачылі жыцьцё ад пачатку да канца. Так прыходзіла мудрасьць. Сёньня людзі ўсё часьцей ня ведаюць адзін аднаго, яны жывуць у атамізаванай структуры. Яны ня ведаюць біяграфіі суседа за сьценкай і нават ня бачаць яго. Каб быць мудрым, не абавязкова трэба ўмець пісаць і чытаць. Такая была мая бабуля Фэліцыя. Я яшчэ студэнтам задумваўся, наколькі яна мудры чалавек, а яна была ледзь-ледзь пісьменная. Яна старалася жыць па запаведзях, па адносінах зь людзьмі. У кніжцы я стараўся паказаць нашых добрых людзей такімі, якімі я іх бачыў і разумеў.

/

Трэці разьдзел – гэта “Народная філясофія” (дэфініцыі, артыкулы, нарысы). Гэта ня ёсьць тэксты па філясофіі (навука філясофіі тут ні пры чым). Тут народная пазыцыя, зь якой я стараюся падыходзіць да асэнсаваньня многіх зьяў. Тут ёсьць артыкулы й пра аборты, і пра палітычныя зьявы, і пра інтымны сьвет, і пра ўнутраны сьвет. Але ня з пункту гледжаньня завумных эўрапейскіх філясофаў, якія часам больш заблыталі, чым высьветлілі, а з пункту гледжаньня здаровага сэнсу нашага беларускага чалавека. Калі ў простай жанчыны спыталі, што такое шчасьце, то яна проста патлумачыла, што гэта для яе значыць. (А некаторыя схільныя спасылацца пры гэтым на розныя штучныя думкі, вычытаныя ў кнігах.) Жанчына адказала проста: шчасьце – гэта калі добра ажаніцца ці выйсьці замуж, і каб былі харошыя муж і жонка, і харошыя дзеці. Здаецца, проста сказана, але гэта найвялікшая мудрасьць. Асновай грамадзтва ёсьць сям’я. Сям’я – вышэй дзяржавы. Сям'я павінна карыстацца прыярытэтам перад дзяржавай. Пад акупацыяй і ў няволі, калі не было ні свабоды, ні незалежнасьці, ні сваёй дзяржавы, менавіта сям'я ратавала народ; ён існаваў, выжываў і адраджаўся, дзякуючы сям'і. Разбурэньне сям'і ёсьць злачынства перад чалавецтвам, а сыстэма (дзяржава, ідэалёгія), якая гэтым займаецца – злачынная.

Жонка
Жонка Зянона Пазьняка на беларускай мяжы.

У кнізе шмат апавяданьняў, якія паказваюць вобразы простых людзей: як яны жылі, як выжывалі, як паводзілі сябе. Гэта, паводле мяне, вышэйшая мудрасьць. Я стараюся яе прытрымлівацца. Яе прытрымліваліся ўсе беларускія клясыкі Адраджэньня, пачынаючы ад Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Купалы, Коласа, Быкава. Гэта глыбы, гэта велічыні, якія зыходзілі ад самых карэньняў народнага духа. Да сёньняшняга дня для многіх эстэтаў яны проста назразумелыя, бо іх народная веліч вышэй за сучаснае абстрактнае (ненароднае) разуменьне чалавека.

Мастацтва й літаратура захоплівае пазнаньнем чалавечага лёсу. Праз стварэннье вобразаў, у якіх чалавек пазнае сябе, свой народ, сваё асяродзьдзе і ўсьведамляе лёс чалавечы як лёс народны. Ня трэба выдумваць кола й ровар. Яны прыдуманыя даўно, трэба навучыцца на ім езьдзіць. Культура прайшла вялізны пэрыяд, але эстытыка й хараство невычарпальныя, яны бясконцыя, як бясконцы ёсьць Божы сьвет, пабудаваны на прынцыпах гармоніі (сувязі ўсяго існага) і хараства. Мастацтва ў гэтым сэнсе вечнае, а ісьціна прыгожая.

Апошні
Апошні здымак Пазьняка перад ад'ездам зь Беларусі

Народ – гэта Божае тварэньне. Сутнасьць у тым, што ўсё існуе ў парадку. Ня можа быць парадку без арганізуючай сілы. Увесь космас існуе, і ўсё нашае існаваньне складваецца паводле анталягічных заканамернасьцяў быцьця. Жыцьцё згодна гэтага парадку й ёсьць свабода. Той, хто ня хоча жыць паводле вышэйшага парадку, робіцца нявольнікам - сваіх страсьцяў, прэтэнзій, пыхі, трапляе ў палон нянавісьці, сьвет для яго робіцца чужым.

З Зянонам Пазьняком размаўляў Дзьмітры Гурневіч.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт