Logo Polskiego Radia
Print

Ці дарослыя дзеці маюць абавязак заняцца састарэлымі бацькамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.03.2014 18:30
Не заўсёды дзеці ахвотна апякуюцца бацькамі. Ці аддаць старога бацьку ці маці ў дом састарэлых?
wikipedia.bywikipedia.by

У сацыяльна-грамадзкай рубрыцы тэма, якая можа датычыць раней ці пазьней кожнага з нас. Мы нараджаемся, расьцем, старэем, паміраем. Старасьць прыходзіць, хочам мы таго ці не. Пакуль мы маладыя, стараемся пра яе ня думаць, але часам прыходзіцца прымаць складаныя рашэньні ўжо ў маладым узросьце.

Калі старэюць нашы бацькі, становяцца з кожным днём і месяцам усё слабейшымі, калі апека над імі пачынае станавіцца для нас непасільнай. Што рабіць? Ці аддаць старога бацьку ці маці ў дом састарэлых? На Захадзе Эўропы людзі гэта робяць са спакойным сумленьнем, але ў Польшчы ці ў Беларусі, дзе няма разьвітай добрай сеткі такіх устаноў, гэтае рашэньне прыняць вельмі цяжка. Тым больш, што часам у СМІ паяўляецца інфармацыя пра тое, як дрэнна адносяцца ў некаторых дамах да старэнькіх людзей. Так што рашэньне нялёгкае, - гаворыць Гражына Стасяк, кіраўнік дому для састарэлых “Астоя” пад Варшавай.

Г. Стасяк: Я вам скажу, што гэта складанае рашэньне, паколькі невядома, хто куды трапіць. Калісьці ў нас была пацыентка ў даволі цяжкім стане, якую прывезьлі са шпіталя. Яна не магла есьці, піць, не гаварыла. А празь некалькі дзён у нас пачала размаўляць, сын-лекар мог з ёй пагутарыць па тэлефоне. Гэта быў першы посьпех у маёй прафэсійнай дзейнасьці.

У Польшчы нараджаецца мала дзяцей, найбольш папулярная мадэль сям’і – два плюс адзін. Людзі мяркуюць, што дзеці занадта дорага каштуюць, ня кожны можа сабе дазволіць іх мець. Таму спэцыялісты кажуць пра пакаленьне сандвіча – людзей, у якіх няма братоў ды сясьцёр, затое ёсьць старыя бацькі, якімі трэба заняцца, і ёсьць уласныя дзеці. Такім цяжэй за ўсё справіцца з усімі абавязкамі. Не заўсёды дзеці ахвотна апякуюцца бацькамі. Ня кожнаму гэта пад сілу, адзначае працаўніца дому састарэлых “Астоя”.

Апякунка: Я калісьці таксама не хацела аддаваць сваіх блізкіх у Дом састарэлых. Мне здавалася, што гэта мяне б прынізіла. Але цяпер, праз шмат гадоў працы ў Доме састарэлых, я мяркую, што такім людзям намнога лепш быць у Доме апекі, чым дома, у адзіноце. Тут яны знаходзяцца сярод людзей.

А вось што мяркуюць пра гэтую праблему звычайныя, сустрэтыя на вуліцы палякі.

Жанчына: Калі састарэлы страчвае памяць, то вельмі цяжка трымаць яго дома. Для ўсіх чальцоў сям’і гэта складаная сытуацыя. Такая асоба можа выйсьці з кватэры на вуліцу, але ня ведае, куды ісьці, траціць арыентацыю. Ніколі невядома, што можа здарыцца. Некаторыя цяжка хварэюць. Паяўляюцца раны, трэба іх даглядаць, лячыць. Патрэбная мэдсястра. Хтосьці, хто ня ведае, як апекавацца такой асобай, мог бы ёй пашкодзіць.

Мужчына: Я даглядаю маю бабулю, паколькі мама і тата знаходзяцца за мяжою. Званю ёй, пытаюся, што трэба купіць, у чым дапамагчы. Ежджу да яе, памагаю. Калі б прыйшоў такі момант, што мая бабуля цяжка захварэе, ня будзе ў стане сама сябе абслугоўваць, то я думаю, ці ў такім выпадку ня лепш было б аддаць яе пад прафэсійную апеку.

Доктар псыхіатрыі Магдалена Намыслоўска мяркуе, што адносіны да нашых блізкіх у апошніх гадах іх жыцьця фармуюцца цягам усяго супольнага жыцьця, з самага пачатку. Нельга загадваць сабе займацца хворымі бацькамі.

М. Намыслоўска: Калі б мы лічылі, што ПАВІННЫ апекавацца старымі бацькамі, то гэта так, быццам бы людзі нараджаюць дзяцей толькі дзеля таго, каб на старасьць мець нянек. Кожны мае права прымаць рашэньне згодна з уласнай воляй, хаця гэта вельмі далікатнае рашэньне. Кожная сям’я мае права сама вырашаць. І я не бяруся крытыкаваць кагосьці, казаць, што адзін выбар лепшы, а іншы горшы. Гэта залежыць ад розных фактараў.

Сувязь паміж бацькамі і дзецьмі фармуецца на працягу ўсяго жыцьця. У Польшчы існуе юрыдычны абавязак дапамогі састарэлым бацькам, у тым ліку матэрыяльнай. На думку Малгажаты Намыслоўкай, калі дзеці не атрымалі любові і дабра ад бацькоў у дзяцінстве, то такі навязаны ім абавязак займацца бацькамі мог бы нават несьці пагрозу гэтым людзям.

М. Намыслоўска: Ёсьць людзі, якія расьлі ў паталягічных сем’ях. Некаторыя ніколі не маглі выражаць сваёй злосьці, таксама ў дарослым жыцьці. У такім выпадку такі навязаны абавязак заняцца бацькамі мог бы быць нават небясьпечны для гэтых паміраючых старыкоў. Таму я не хачу казаць, што хтосьці павінен кімсьці апекавацца. Гэта вельмі складаны працэс.

Кожны павінен прымаць рашэньне пра тое, якім чынам заняцца старымі бацькамі, згодна з уласным сумленьнем. Зразумела, ёсьць яшчэ іншы бок праблемы – фінансавыя магчымасьці кожнай асобна ўзятай сям’і. У добрым доме для састарэлых апека каштуе нямала. І кожны з нас мяркуе, што людзям заўсёды найлепш у сваім уласным доме. Таму трэба ўзважыць усе “за” і “супраць” кожнага рашэньня.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт