Logo Polskiego Radia
Print

Анэксія Крыму - штуршок да аб'яднаньня ўкраінскай царквы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.03.2014 14:20
Украінцы цяпер могуць змагацца за вызваленьне ад кіраўніцтва Масквы.

/

Здарэньні апошніх тыдняў ва Ўкраіне, кульмінацыяй якіх стала анэксія Крыму Расейскай Фэдэрацыяй, выклікаюць вялікія праблемы для Расейскай праваслаўнай царквы. Парадаксальна, большая частка вернікаў гэтай царквы Маскоўскага патрыярхату (каля 12-13 млн) пражывае не ў Расеі, а ва Ўкраіне. Канкурэнцыйнай царквой зьяўляецца Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, якая выйшла са структуры Маскоўскага патрыярхату пасьля таго, як Украіна стала незалежнай у 1991 годзе. У гэтай царквы няма кананічнага статусу, гэта значыць, яе не прызнаюць іншыя праваслаўныя цэрквы. Тым ня менш, яна вядзе актыўную дзейнасьць і мае прыкладна столькі ж вернікаў, колькі царква Маскоўскага патрыярхату, а можа нават крыху больш. Акрамя таго, існуе яшчэ Аўтакефальная праваслаўная царква, але ў яе склад уваходзіць толькі каля адной тысячы веруючых.

Падзеі на Майдане былі ўспрынятыя з агромным энтузіязмам прадстаўнікамі дзьвюх некананічных праваслаўных цэркваў, але вылікалі вялікую палярызацыю ўнутры царквы Маскоўскага патрыярхату. У гэтай царкве ёсьць дзьве групы епіскапаў і сьвятароў: адна падтрымлівае пастаўленыя на Майдане тэзісы, а другая адносіцца зь недаверам да ўсіх праяваў украінскай незалежнасьці.

Патрыярх Кірыл, галава расейскага праваслаўя, доўгі час не выказваўся на тэму падзеяў ва Ўкраіне. Ён не ўдзельнічаў у прапаганднай істэрыцы, якую распачалі сілы, зьвязаныя з Крамлём. Калі Пуцін выступаў са сваім славутым зваротам, падчас якога ён аб’явіў пра далучэньне Крыму да Расеі, Кірыла не было ў залі, у адрозьненьні ад прадстаўнікоў іншых рэлігій. У сваю чаргу, Сьвяты сынод расейскай праваслаўнай царквы ў заяве, выдадзенай некалькімі днямі пазьней, заклікаў, каб не дапусьціць паўтору насільля і выразіў занепакаеньне наконт адзінства праваслаўя.

Анэксія Крыму можа стаць, на думку некаторых камэнтатараў, штуршком да вызваленьня Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне ад кіраўніцтва Масквы. Кіеўскі мітрапаліт Філарэт распачаў працэс атрыманьня статусу аўтакефальнай (незалежнай) царквы яшчэ 20 гадоў таму. Але гэтым плянам перашкодзіў востры супраціў Маскоўскага патрыярхату. І таму Ўкраінская праваслаўная царква кіеўскага патрыярхату зьўляецца некананічнай царквой, якую не прызнаюць іншыя праваслаўныя цэрквы. На пачатку сакавіка Філарэт пачаў кампанію на карысьць адзінства праваслаўнай царквы ва Ўкраіне, дзеля таго, каб разам хадайнічаць за аўтакефалію. «Гэтак зрабіла ў свой час расейская царква, без згоды Канстанцінопаля. А пазьней так паступілі балгарская, сербская, румынская царква ды іншыя мясцовыя цэрквы», - заявіў Філарэт падчас прамовы па ўкраінскім тэлебачаньні.

Філарэт таксама востра раскрытыкаваў ідэю “рускага міра”, якая, на ягоную думку, прыдумана толькі дзеля таго, каб мець прэтэкст, падставу да прысутнасьці Маскоўскага патрыярхату на ўкраінскіх землях. Ён тлумачыў, што расейская імпэрыя, а пазьней савецкая, страціўшы Ўкраіну, увесь час паўтарае “Мы не ўяўляем сабе Расею без Украіны”. Адсюль бярэцца варожасьць Маскоўскага патрыярхату да аб’яднаньня цэркваў ва Ўкраіне, якія такім чынам маглі б стаць незалежнымі ад Масквы.

У чым заключаецца канцэпцыя “рускага міра”? Яна прапагуе існаваньне аднаго “праваслаўнага народа”, які жыве на тэрыторыі ня толькі Расейскай Фэдэрацыі, але таксама ў Беларусі, Украіне, а нават і Малдове. Асабліва важную ролю ў рускім сьвеце, паводле гэтай канцэпцыі, адыгрывае расейская мова і расейскі народ, а таксама традыцыйныя расейскія каштоўнасьці.

Умяшальніцтва Пуціна ва Ўкраіне давядзе, хутчэй за ўсё, да таго, што Маскоўскі патрыярхат страціць Украінскую праваслаўную царкву. А вынікам гэтага стане аб’яднаньне праваслаўных цэркваў ва Ўкраіне й атрыманьне імі аўтакефальнага статусу. Праўда, расейская царква, дзякуючы сваёй моцнай пазыцыі, можа доўгі час блякаваць згоду праваслаўнага сьвету на аўтакефалію для ўкраінскай царквы. Пра гэта сьведчаць вынікі сустрэчы ў Стамбуле, якая праходзіла з 6 па 9 сакавіка. Удзельнічалі ў ёй кіраўнікі праваслаўных цэркваў, у тым ліку патрыярх Кірыл. Маліліся, між іншым, за мір ва Ўкраіне, за вяртаньне братоў, якія знаходзяцца звонку камуніі сьвятой царквы. А паколькі ва Ўкраіне статус кананічнай царквы мае толькі Расейская праваслаўная царква, цяжка не зразумець гэта як пастулят вяртаньня ва ўлоньне гэтай царквы. У актуальнай расстаноўцы сілаў патрыярх Варфаламей ня можа аб’явіць аўтакефалію Ўкраіны, паколькі такім чынам ён уступіў бы ў адкрыты канфлікт з самай моцнай праваслаўнай царквой – расейскай.

Марцін Пшэцішэўскі, Каталіцкае інфарм-агенцтва/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт