Logo Polskiego Radia
Print

Вялікдзень у Эўропе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.04.2014 10:30
  • Вялікдзень у Эўропе.mp3
Сёлета Вялікдзень адзначаюць у адзін і той жа самы дзень усе хрысьціяне.

Пра тое, як сьвяткуюць беларусы ды што для іх значыць гэты, мы ня раз ужо казалі. Сёньня мы хацелі б распавесьці пра тое, што значыць гэтае сьвята для хрысьціян розных канфэсій Эўропы.

Вялікдзень – гэта найважнейшае сьвята ў літургічным календары розных хрысьціянскіх канфэсій Эўропы. Разам з тым, у залежнасьці ад канфэсіі, ёсьць і свае асаблівасьці ды адрозьненьні. Напрыклад, у пратэстантаў, асабліва лютэран, галоўным днём вялікодных сьвятаў лічыцца Вялікая пятніца. У гэты дзень вернікі-лютэране засяроджваюцца на чытаньні Слова Божага ды адмысловых набажэнствах. Зь іншага боку, у лютэран няма традыцыі будаваць у сьвятынях гроб Гасподні ды праводзіць Крыжовыя дарогі. У гэты дзень пратэстанты не працуюць, распавядае сьвятар Уладзімеж Наст з лютэранскай парафіі сьвятой Троіцы ў Варшаве.

Уладзімеж Наст: Мы лічым, што гэта ўнікальная ахвяра, непаўторная. Наша разуменьне апошняй вячэры ды сьвятой камуніі адрозьніваецца ад поглядаў каталіцкай царквы. У нас гаворыцца пра безкрывавае паўтарэньне ахвяры Езуса Хрыста, сёньня мы кажам больш пра яе відавочнасьці. Мы ўзгадваем ахвяру Хрыста, якую ён прынёс для нас. Вялікае значэньне ў нас маюць псалмы ў гэтым дзень, а таксама надзвычайная літургія, якая будуецца на ўспаміне роспачы Хрыста над грахамі чалавецтва. У нас выходным днём лічыцца Вялікая пятніца. Часта раніцай праводзяцца службы, каб людзі маглі пайсьці на працу, бо дзяржаўнага выходнага ў гэты дзень няма.

У праваслаўных галоўнае сьвята - Вялікдзень, але яго адзначаюць, пачынаючы з пятніцы. За гэтыя дні ў цэрквах адбываюцца розныя літургіі, накіраваныя на тое, каб вернікі асэнсавалі значэньне Пасхі. Распавядае дыякан праваслаўнага кляштару сьвятога Ануфрыя ў Яблэчнай айцец Макары.

Айцец Макары: Гэта адбываецца ўвечары падчас нешпараў, выглядае так, што з алтару выносяць плашчаніцу, на якой выява Хрыста, пакладзенага ў гробе. Гэтая плашчаніца знаходзіцца адкрытая да Вялікадня. Гэты час Вялікай пятніцы й суботы зьяўляецца часам задумы, цішыні, чаканьня на найвялікшае са сьвятаў.

Каталіцкая царква перакананая, што сёньня Вялікдзень для католікаў – гэта ў першую чаргу духоўнае перажываньне, да якога трэба адпаведна падрыхтавацца. Трэба абстрагавацца ад хуткага тэмпу жыцьця, штодзённых абавязкаў, беганьня па крамах, прысьвяючы час замест гэтага на развагі. Гаворыць ксёндз Кшыштаф Сэндэцкі.

Кшыштаф Сэндэцкі: Калі чалавек давярае касьцёлу ды падпарадкоўваецца, яму будзе лягчэй. Таму, хто не – будзе складаней. Але кожны мае свой шлях да роздумаў, да свайго я. Нельга жыць без роздумаў у сучасным сьвеце.

Паводле словаў каталіцкіх сьвятароў, гэта вельмі важна, бо сёньняшні чалавек ніколі ня мае часу на разважаньні. Гаворыць ксёндз-прафэсар Ян Туркель.

Ян Туркель: Людзі змушаныя, каб увесь час бягом, яны часта ядуць абы-што, езьдзяць абы хутчэй. Я ня веру, каб чалавек не адчуваў патрэбы да развагаў над сваім жыцьцём.

У народнай традыцыі розных краін Эўропы, Вялікдзень успрымаецца, як радаснае сьвята. Народная пасхальная абраднасьць, напрыклад, у Цэнтральнай Эўропе, поўная абрадаў, заданьнем якіх было прынесьці ўраджайнасьць ды дабрабыт на цэлы год. Распавядае этноляг з Музэю радомскай вёскі Марцін Станьчук.

Марцін Станьчук: Дзяўчаты хадзілі з галінкай, або малым дзераўцом вечназялёным, гэта быў сымбаль вясны, сьвятла ды адраджэньня жыцьця.

20-га красавіка хрысьціянская Эўропа адзначае сьвята Вялікадня. Сёлета ў той самы дзень Пасху адзначаюць усе хрысьціянскія канфэсіі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт